ЮРЫДЫЧНАЯ КАНСУЛЬТАЦЫЯ

Закон и порядок

– Я працую зваршчыкам, заўваг не маю. Кіраўнік прадпрыемства паведаміў, што хутка мая зарплата зменшыцца. Растлумачце, ці могуць са мной так паступіць?

Ігар, жыхар Івянца.

– Аплата працы, у тым ліку памер тарыфнай стаўкі (акладу) работніка, даплаты, надбаўкі і матэрыяльныя заахвочванні ў адпаведнасці з арт. 19 Працоўнага кодэкса адносяцца да абавязковых умоў працоўнага дагавору і могуць змяняцца толькі па пагадненні бакоў. Аднак у адпаведнасці з арт. 32 Працоўнага кодэксу ў сувязі з эканамічнымі ці арганізацыйнымі прычынамі наймальнік мае права змяніць умовы працы работніка, у тым ліку і памер зарплаты. Пра гэта наймальнік павінен пісьмова папярэдзіць работніка не пазней, чым за адзін месяц. Калі работніка не задаволяць новыя ўмовы (памер зарплаты) і ён не пажадае працягваць работу на такіх умовах, працоўны дагавор скасуецца ў адпаведнасці з п. 5 арт. 35 ПК.

Як паказвае судовая практыка, да абгрунтаваных вытворчых, арганізацыйных ці эканамічных прычын адносяцца рацыяналізацыя рабочых месцаў, змяненне тэхнікі і тэхналогій, увядзенне новых форм арганізацыі працы, удасканаленне рабочых месцаў на падставе атэстацыі і інш. Такія прычыны наймальнік абавязаны пісьмова абгрунтаваць і давесці да ведама індывідуальна кожнаму работніку. Гэта дапускаецца адначасова з папярэджаннем аб змяненні ўмоў працы.

Згодна з Пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы», адсутнасць у наймальніка доказаў, якія б пацвярджалі эканамічную, вытворчую ці арганізацыйную прычыну змянення ўмоў працы, робіць звальненне работніка незаконным. У адпаведнасці з арт. 243 ПК пры скасаванні працоўнага дагавора без законных падстаў, а таксама ў выпадках незаконнага змянення ўмоў працы,  работнік мае права вярнуцца на сваю работу.

– Са мной заключаны кантракт на 2 гады. У арганізацыі адпрацавала 1 год. Зараз з’явілася магчымасць уладкавацца на больш выгадную работу. Звярнулася да цяперашняга наймальніка з просьбай аб датэрміновым скасаванні кантракту і звальненні па дамоўленасці бакоў. Аднак наймальнік адмовіў мне. Як мне звольніцца?

Ірына, жыхарка Валожына.

– У адпаведнасці з артыкулам 35 Працоўнага кодэксу працоўны дагавор можа быць скасаваны толькі на падставах Працоўнага кодэксу. Кантракт, як разнавіднасць працоўнага дагавора, можа быць у любы час скасаваны па пагадненні бакоў, па ініцыятыве наймальніка, па абставінах, якія не залежаць ад волі бакоў (артыкул 44 ПК), а таксама па патрабаванні работніка – артыкул 41 Працоўнага кодэксу.

Па жаданні работніка можа быць скасаваны толькі працоўны дагавор, які заключаны на неабмежаваны тэрмін.

Па запатрабаванні работніка (ар. 41 ПК) тэрміновы працоўны дагавор (кантракт) падлягае скасаванню датэрмінова ў выпадку яго хваробы ці інваліднасці, калі яны перашкаджаюць яму выконваць неабходныя абавязкі; у выпадку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага ці працоўнага дагавора. Кантракт таксама магчыма скасаваць з-за невыканання ці неналежнага выканання яго ўмоў наймальнікам.

Хвароба, інваліднасць, якія перашкаджаюць работніку выконваць яго працоўныя функцыі, павінны пацвярджацца дакументальна.

Факты парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага ці працоўнага дагавора (кантракта) зацвярджаецца па звароту работніка спецыяльнымі дзяржаўнымі органамі нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы (Дэпартаментам дзяржінспекцыі працы, прафсаюзам ці судом).

Пералік уважлівых прычын, пры наяўнасці якіх работнік мае права патрабаваць датэрміновага скасавання кантракту, артыкулам 41 Працоўнага кодэксу не ўстаноўлены. Права вызначыць іх слушнасць належыць наймальнікам. Як паказвае судовая практыка, да іх могуць быць аднесены стан здароўя, цяжарнасць, пенсійны ўзрост, перамена месца жыхарства, залічэнне на дзённую форму навучання, неабходнасць догляду за хворым членам сям’і і іншыя, якія таксама павінны пацвярджацца дакументальна.

Звальненне работніка – кампетэнцыя выключна наймальніка. Таму работнік не мае права кідаць работу да заканчэння тэрміну кантракта. Неабходна чакаць загада аб звальненні. Калі ж работнік пакідае месца працы самавольна, яго могуць звольніць за прагул (п.5 арт. 42 ПК).

Работнік мае права звярнуцца ў суд з патрабаваннем прымусіць наймальніка скасаваць з ім тэрміновы працоўны дагавор (кантракт) па арт. 41 ПК пры наяўнасці і пацвярджэнні падстаў.

На пытанні адказвала загадчыца раённай юрыдычнай кансультацыі

Святлана Іванаўна НАХАЙ.

 



Добавить комментарий