НЕАСЦЯРОЖНАСЦЬ ПРЫВОДЗІЦЬ ДА БЯДЫ

Закон и порядок

Сёлета на дарогах Валожыншчыны зарэгістравана 15 ДТЗ, у якіх 6 чалавек загінула, 15 атрымалі траўмы. 1 ДТЗ учыніў вадзіцель у стане алкагольнага ап’янення. Па-ранейшаму здараюцца трагедыі з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў.

Так, 31 мая каля 13.45 гадзін трактарыст ААТ «Багданаўскае», упраўляючы трактарам МТЗ 3522 з прычэпам, рухаўся па вуліцы ў вёсцы Дзясятнікі. Па гэтай жа дарозе рухаўся ў спадарожным накірунку і жыхар Мінска на веласіпедзе. Трактарыст пайшоў на абгон. Калі манеўр ужо завяршаўся, веласіпедыст нечакана ўпаў і трапіў пад правае кола прычэпа. Мужчына загінуў на месцы. Пазней было ўстаноўлена, што ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Нешта падобнае адбылося і ў Івянцы.

Аналізуючы гэтыя здарэнні, можна сказаць, што пешаходы груба ігнаруюць Правілы дарожнага руху, утвараюць небяспечныя сітуацыі. Большасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў адбываецца на неасветленых ці малаасветленых участках вуліцы каля населеных пунктаў. Між тым, абазначаны флікерам пешаход бачны ў святле бліжніх фар да адлегласці 140-150 метраў, у святле дальніх – 300-400 метраў. І вадзіцель можа своечасова папярэдзіць наезд: знізіць хуткасць, быць больш уважлівым.

Веласіпедысты таксама ўваходзяць у групу рызыкі, калі яны не абазначаны святлоадбіваючымі элементамі. Ёсць яшчэ адна катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху, для бяспекі якіх таксама неабходны святлоадбіваючыя элементы – кіроўцы гужавых павозак.

Асабліва звяртаемся да бацькоў: паклапаціцеся аб бяспецы вашых дзяцей! Абавязкова абазначце іх вопратку, школьныя партфелі святлоадбіваючымі элементамі. І не забывайце ім напамінаць пра асцярожнасць на дарозе і неабходнасць выконваць Правілы дарожнага руху.

Памятайце, што за парушэнне Правілаў дарожнага руху на пешаходаў накладаецца штраф ад 1-ой да 3-х базавых велічынь. Калі пешаход парушыў Правілы ў стане алкагольнага ап’янення, сума спагнання дасягае 5-і базавых велічынь.

Андрэй ЖУДРЫК,

старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ

Валожынскага РАУС.

 



Добавить комментарий