ЯНЫ ЎМЕЮЦЬ БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМІ

Официально

Другі этап раённай прафілактычнай акцыі “Здаровая сям’я” сабраў на сцэне РЦК лепшыя сямейныя пары з арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

У конкурснай праграме ўдзельнічалі сем’і з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, цэнтральнай бальніцы, раённага вузла электрасувязі, ААТ “ПМК-188”, філіяла Белаграпрамбанка, раённага вузла паштовай сувязі.

Канкурсанты выступалі перад аўдыторыяй з музычнымі нумарамі, распавядалі пра сямейныя каштоўнасці і традыцыі, дзяліліся сакрэтамі выхавання дзяцей.

У фае РЦК удзельнікі акцыі арганізавалі шматпрофільную выставу “У свеце сямейных захапленняў”. Аматары-кветкаводы, садоўнікі, пчалаводы, агароднікі, кулінары і рукадзельніцы прадэманстравалі “плады” свайго хобі.

Унеслі лепту ў падтрымку раённай акцыі і маленькія члены сем’яў. З дзіцячых малюнкаў і плакатаў “Не!” – шкодным звычкам у сям’і” аформілі выставу “Я хачу быць здаровым!”

Павел і Наталля Дрожа, Аляк-сандр і Таццяна Чэрнікі, Яўгеній і Святлана Шабаль трывалае сямейнае шчасце, лад і згоду знайшлі, дзякуючы ўзаемным кампрамісам і клопату адзін аб адным. Дзмітрый і Марына Шокаль, Аляксандр і Алена Санюковічы ніколі не губляюць аптымізму і пачуцця гумару, падтрымліваючы такім чынам цеплыню сямейных адносін. Андрэй і Святлана Загорскія, Людміла і Андрэй Ліпай разам з дзецьмі актыўна займаюцца спортам, нярэдка адпачываюць на ўлонні прыроды, што дапамагае не страціць паразумення і шчырасці ў сям’і.

Арганізатары і заснавальнікі акцыі – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама раённы

.

Савет дэпутатаў – спадзяюцца з дапамогай такіх мерапрыемстваў павысіць духоўна-маральны патэнцыял сям’і, сфарміраваць пазітыўную ўстаноўку на здаровы лад жыцця.

Дарэчы, першы этап акцыі – адборачны – стартаваў яшчэ ў маі. Каб вызначыць лепшую духоўна і маральна здаровую сям’ю, на прадпрыемствах і ў арганізацыях праводзіліся вечары-сустрэчы з сямейнымі працоўнымі дынастыямі, ладзіліся Дні сямейнага адпачынку з конкурсна-забаўляльнымі праграмамі спартыўнага і творчага кірунку.

11 кастрычніка на сцэне РЦК выступяць лепшыя сямейныя пары з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Фінальны ж акорд акцыі прагучыць гала-канцэртам 14 кастрычніка. І тады сярод усіх шматлікіх удзельнікаў заключнага этапу раённай акцыі журы вызначаць самую лепшую “Здаровую сям’ю” раёна.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота прадастаўлена раённым Цэнтрам культуры.

 



Добавить комментарий