СВАЯ ГАСПАДАРКА ЛЕПШ ЧУЖОГА ФАЛЬВАРКА

Общество

25 гадоў таму мінчанін М. В. Сілін узяў у арэнду дзясятак гектараў зямлі ў ваколіцах Дубіны і Рачанят.

За справу ўзяўся сур’ёзна, а яго паслядоўнікі, бачачы, як паспяхова ладзіцца ў Сіліна новая сельскагаспадарчая вытворчасць, прапанавалі яму ўзначаліць Мінскую абласную асацыяцыю фермераў. Сёння ў Мікалая Васільевіча 500 гектараў зямлі, ён кіруе таксама раённай асацыяцыяй фермераў і з’яўляецца членам Савета аграрнікаў пры міністры сельскай гаспадаркі і харчавання.

Мікалай Сілін стаяў у самых вытокаў фермерскага руху, прайшоў усе нялёгкія стадыі яго росту. Бывала, не давалі спаць думкі: а ці не памыліўся раптам, а можа, дарэмна памяняў сталічны камфорт на цяжкія клопаты земляроба? Але хіба гэта па-мужчынску – адступаць? Ды і перакананне ў тым, што вытворчасць асноўных прадуктаў харчавання бізнес не толькі пачэсны, але і прыбытковы, падмацоўвалася эканамічнымі разлікамі.

Сялянская гаспадарка Сіліна спецыялізуецца на земляробстве. Вядома, такі надзел у адзіночку не апрацуеш. Даводзіцца наймаць рабочых, а каб людзі сябе адчувалі камфортна, гаспадар пачаў будаўніцтва новага дома ў Рачанятах. Павялічваецца і машынна-трактарны парк фермера, зараз ён складаецца з 10 адзінак тэхнікі.

Сёлета палеткі былі засеяны зерневымі, бульбай, морквай, капустай, цыбуляй, буракамі. Разнапланавасць культур дазваляе не толькі прытрымлівацца агратэхнікі севазвароту, але і з’яўляецца своеасаблівай страхоўкай: калі не ўрадзіла адно, то страты пакрые ўраджай іншага.

Вядома, што кожны ўлюбёны ў сваю справу чалавек імкнецца папулярызаваць яе, мець як мага больш паслядоўнікаў. Мікалай Сілін працы на зямлі мяняць не збіраецца. Але пры гэтым нікога ў фермерства не «вярбуе», бо вельмі нялёгкі гэта хлеб. І не заўсёды ён падпарадкоўваецца волі чалавека. Здаецца, вось і поспех, а тут – раз, надвор’е непрыемны сюрпрыз прыпаднесла, і ўся твая праца літаральна знішчана на корані. А яшчэ хапае зайздроснікаў, нядобразычліўцаў, якім адно тое, што чалавек жыве па ўласных правілах і жыве лепш за іх, здаецца найбольшай у свеце несправядлівасцю.

Кіраўніцтва краіны сёння патрабуе выхад на выпрацоўку на аднаго работніка 60 тысяч долараў у год. У сялянскай гаспадарцы Мікалая Сіліна гэты паказчык выконваецца.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *