СПРАВА САПРАЎДНЫХ МУЖЧЫН

Молодежный курьер

Невялікая тэрыторыя, якую займае дывізіён Гіравічы, надзейна адгароджана ад чужога вока: армейская спецыфіка! Але ёсць рэчы, пра якія служачыя падраздзялення расказваюць ахвотна.

Намеснік камандзіра дывізіёна па ідэалагічнай рабоце маёр С. В. Літвінаў па абавязку службы ведае, што найбольш хвалюе яго калег. Умоўна праблемы, па меры іх убывання, можна падзяліць на «магічную» лічбу тры: клопат пра салдат тэрміновай службы, тылавое забеспячэнне, бытавыя пытанні сямей ваеннаслужачых (на здымку: Камандзір дывізіёна Уладзімір Галяк)..

Калі навабранец толькі прыбывае, старшына абавязкова прапаноўвае яму запоўніць анкету, каб даведацца, чым гэты юнак «дыхае». Пытанні нескладаныя: чым захапляешся, калі дзень нараджэння ў мамы, як неабходна ставіцца да вышэйшага па званні… І вось тут часам чакаюць самыя неверагодныя «сюрпрызы»: працэнтаў 85 цікавяцца толькі камп’ютарнымі гульнямі, той-сёй не можа ўспомніць поўнае імя мамы ці таты, назваць іх месца працы, узрост, да афіцэрскага саставу ставяцца негатыўна… Цікава, што, чым менш чалавек рэалізаваны ў сацыяльным плане, тым большыя запатрабаванні ён выстаўляе ўсяму свету: усё яго не задавальняе, не радуе. Каб выправіць такія хібы выхавання, даводзіцца нават бацькоў выклікаць. Недзе праз паўгода анкеціраванне паўтараецца. Параўноўваць адказы – адно задавальненне, быццам бы пісаў не адзін, а два розныя чалавекі! Салдаты пачынаюць цікавіцца тэхнікай, спортам, музыкай, не блытаюцца ў біяграфічных звестках сваякоў. Але самае прыемнае, калі пішуць, што, паслужыўшы ў арміі, пачалі паважаць афіцэраў, іх прафесію. Не хлусіць песня: «Не паслужыш – не пазнаеш…»!

У тылавым забеспячэнні найбольш даймаюць рамонты казармаў, даху, пляцовак. Матэрыяльныя рэсурсы паступаюць цэнтралізавана, а вось пра ўсё астатняе неабходна дбаць самім. Так што прафесію будаўніка смела можна назваць роднаснай прафесіі абаронцы. Мінулы год вайскоўцы добра і якасна папрацавалі, таму сёлета засталося толькі «падлатаць» дах над сталоўкай.

Жыццё ў аддаленні ад дарог і населеных пунктаў, як аказалася, зусім не абцяжарвае ні афіцэраў, ні членаў іх сямей. Вось толькі каб

Капітан Вячаслаў Падружы.

дарогу заасфальтавалі, а то часам з-за завеяў ці разводдзя суткамі жывуць адарванымі ад свету. Усе афіцэры забяспечаны службовым жыллём, дзяцей у школу адвозіць аўтобус. На выхадны ёсць магчымасць пракаціцца ў сталіцу, наведаць культурныя мерапрыемствы, пабыць з сям’ёй. Бо хоць працоўны дзень і васьмігадзінны, але калі табе даверана жыццё і здароўе салдат, то найчасцей гэтага адведзенага часу не дастаткова, асабліва калі хочаш, каб служба ішла без эксцэсаў.

Калі маёр Сяргей Літвінаў марыць і далей служыць у Гіравічах, то капітан Вячаслаў Падружы спадзяецца, што тут яго кар’ера толькі пачынаецца, а наперадзе чакаюць новыя ваенныя гарадкі, уражанні. Малады афіцэр прызнаецца, што такі характар мае – складана яму доўга затрымлівацца на адным месцы. Але Гіравічы ён заўсёды будзе ўспамінаць з цеплынёй, бо тут атрымаў першую кватэру, сюды прывёз жонку, тут нарадзілася дачушка Мілана.

Магчыма, мае субяседнікі выклалі перада мной не ўсе «карты». Пэўна ж ёсць і іншыя праблемы. Але хіба сапраўдны мужчына будзе «плакацца ў камізэльку» першаму сустрэчнаму чалавеку?..

 

 

 

Алена ЗБІРЭНКА.

 

 



Добавить комментарий