АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА КАСТРЫЧНІК 1968 ГОДА

Культура

ДЗЕ СПРАВА –  ТАМ І СЛАВА.

Аб выніках сацыялістычнага спаборніцтва калектываў прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, калгасаў і саўгасаў па дастойнай сустрэчы 50-годдзя БССР і КПБ за 9 месяцаў бягучага года:

“Лепшая даярка раёна” – Яніна Станіславаўна Карпук з калгаса “17 верасня”, якая надаіла ад кожнай з 13 замацаваных за ёй кароў па 3605 кілаграмаў малака;

“Лепшая свінарка па вырошчванні парасят” – Марыя Пятроўна Скапец з калгаса “Краіна Саветаў”, якая атрымала ад кожнай з 16 замацаваных за ёй свінаматак па 18 парасят;

“Лепшая свінарка па адкорму свіней” – Яўгенія Юстынаўна Буткевіч з саўгаса “Багданаўскі”, якая адкарміла 661 свінню сярэдняй жывой вагай па 107 кілаграмаў;

“Лепшая цялятніца раёна” – Марыя Эдуардаўна Шыкуць з саўгаса “Радзіма”, якая дабілася сярэднясутачнай прывагі кожнага з 71 цяляці па 780 грамаў;

“Лепшы трактарыст” – Міхаіл Рыгоравіч Скапец з калгаса імя Чапаева, які выпрацаваў на трактары МТЗ-50 900 гектараў мяккага ворыва;

“Лепшы камбайнер” – Антон Паўлавіч Кербіч з калгаса “17 верасня”, які ўбраў за сезон 232 гектары збожжавых і намалаціў 404 тоны зерня.

ПАРОЛЕМ БЫЛА МУЖНАСЦЬ

Дзеліцца ўспамінамі ваенных гадоў І. Троман, былы начальнік штаба партызанскага атрада “Штурм”:

…Ад вёскі Яцкава да пасёлка Першамайскі – лес і лес. Час няўмольна сцірае партызанскія сцежкі. Але ў адным месцы, якое празвалі Курынымі Градамі, яшчэ можна пазнаць былыя зямлянкі. Іх шмат раскідана ля ўзгоркаў. Час наклаў на іх свой адбітак. Драўляныя сцены струхнелі, а там, дзе былі яны зроблены з бярозы, бы некранутая, засталася бяроста. На былой падлозе – пажоўклая трава.

У гады вайны тут грамілі ворага зусім яшчэ маладыя людзі, аддаючы барацьбе агонь сваіх камсамольскіх сэрцаў.

На схіле Курыных Град размяшчаліся Баранавіцкі падпольны абком партыі, камандаванне Баранавіцкага партызанскага злучэння. Тут друкаваліся абласныя і раённыя газеты. Неяк я пабываў у краязнаўчым музеі Сакаўшчынскай СШ і там сярод экспанатаў убачыў станок, на якім у гады вайны друкавалі валожынскую раённую газету “Іскра”. Сістэматычна выходзіла камсамольская газета “Молодой мститель” і шмат маладзёжных лістовак.

Наш атрад узначальваў камсамолец Яфрэм Жамоздзік з вёскі Чартавічы. Мне даверылі камандаваць узводам. Падрыўныя і дыверсійныя групы складаліся ў большасці з членаў ВЛКСМ. Вось Марыя Гельмоўская, яна была адважным падрыўніком і сваім прыкладам клікала наперад астатніх. На рахунку Марыі – больш за 10 пушчаных пад адхон варожых эшалонаў. Цяпер былая партызанка працуе ўрачом у Вілейскай бальніцы.

Шмат варожых эшалонаў пусцілі пад адхон групы пад камандаваннем камсамольцаў Тамары Пачакаевай, Веры Адынец, Сямёна Няверава.

Смерцю мужных загінуў у баі ля вёскі Вуглы Зарачанскага сельсавета камсамолец Саліх Хасанаў. Гэта быў бясстрашны партызан, палымяны патрыёт нашай Радзімы. Равеснік Саліха Іван Агапаў мужна змагаўся з ворагамі і загінуў у няроўным баі ля вёскі Вядзернікі Даўбенеўскага сельсавета, адбіваючы напад фашысцкіх прыхвасняў – паліцаяў.

ЕЗДЗЯЦЬ ПА… АЗІМЫХ ПАСЕВАХ

Мост ля Яршэвічаў вось-вось мог рухнуць. Аднак дарожна-эксплуатацыйны ўчастак № 167, што размяшчаецца ў Валожыне, узяўся за рамонт небяспечнага ўчастка.

Закіпела работа. Але праз некалькі дзён напружаны рытм пачаў заціхаць. І таго аб’езду, які быў зроблены спачатку для аўтамабільнага транспарту, аказалася мала. Утварыўся другі. На абодвух сцежкі ператварыліся ў сапраўдныя дарогі, праўда, з большай, чым звычайна, граззю. Пасевы азімага жыта і пшаніцы ўздоўж бакоў таксама ператварыліся ў гразь ці проста аказаліся знішчанымі. Ні многа ні мала, а звыш чатырох гектараў пасеваў пайшло на такое “добраўпарадкаванне”, дзякуючы клапатлівым таварышам з ДЭУ.

Мост яшчэ не адбудаваны. Аўтамабілі па-ранейшаму вярэдзяць гразь на аб’ездах, паціху “адваёўваючы” ў калгаснай зямлі новыя і новыя квадратныя метры азімых пасеваў.

АДЗІН ЗА ДВУХ

У саўгасе “Радзіма” на ўзвядзенні новых аб’ектаў, рамонце будынкаў, гаспадарчых і жывёлагадоўчых памяшканняў будаўнікі імкнуцца перавыканаць вытворчыя заданні, дабіваюцца высокай якасці работ. Адзін працуе за двух.

Асабліва вызначаецца брыгада, якую ўзначальвае вопытны майстар Іосіф Іосіфавіч Якаўлеў. Авалодалі справай, дабіваюцца поспехаў у працы Антон Трасцянка, Ігар Кудзінаў, Люцыян Мойса і Уладзімір Лукашык. Кожны з іх авалодаў двума-трыма сумежнымі будаўнічымі прафесіямі, каб аднолькава паспяхова выконваць работу муляра, тынкоўшчыка, цесляра.

НЕ ГОРШ ЗА СТАЛІЧНЫХ

Піша ў рэдакцыю старшы майстар Ракаўскага філіяла Івянецкага камбіната бытавога абслугоўвання Ф. Дударчык:

“Задаволеная заказчыца прымерала паліто. Абноўка ёй спадабалася. Не менш задаволены былі і мы: дзяўчына прыехала з Мінска шыць у нас, і нашы швачкі пашылі ёй паліто не горш за сталічных.

Гэта было 25-ае паліто, якое мы пашылі ў кастрычніку. І кожнае з іх атрымала добрую адзнаку. Асабліва ўдзячны заказчыкі закройшчыцы Яніне Галалоб. Яна – сапраўдны майстар сваёй справы. Дзякуючы такім працаўніцам, як Я. Галалоб, калектыў паспяхова спраўляецца з вытворчымі заданнямі”.

ПРАГА ТВОРЧАСЦІ

Мастацкая самадзейнасць настаўнікаў Масцішчанскай васьмігадовай школы існуе ўжо 10 гадоў.

Педагогі праводзяць канцэрты ў розных кутках раёна, выязджаюць у суседнія вёскі Гродзенскай вобласці. У канцэртны рэпертуар ўключаюцца народныя песні, вершы, інтэрмедыі, пастаноўкі п’ес В. Вольскага “Несцерка”, Я. Купалы “Паўлінка”, П. Данілава “Дзівосы на калёсах”. Натхнёныя аматары самадзейнай сцэны, перш за ўсё дырэктар школы С. С. Кузняцоў, настаўнікі Л. Я. Кузняцова, В. І. Юдзіцкая, Т. І. Якаўлева, З. А. Рэут, А. П. Канцавая.

ГРУБІЯНСТВА СТАЛА МОДНЫМ

“Вучні-спартсмены нашай школы адправіліся ў райцэнтр на спаборніцтва. Мы мелі намер дабірацца ў горад аўтобусам, што курсіруе па маршруту Суднікі – Валожын і праходзіць праз Ракаў.

Аднак у вызначаны час аўтобуса не аказалася. Усхваляваныя вучні пазванілі на аўтабазу № 14. Дыспетчар яе не хацеў нават размаўляць і кінуў тэлефонную трубку. Настрой быў сапсаваны. Мы не змаглі трапіць на мерапрыемства, да якога так старанна рыхтаваліся. У дадатак пайшоў дождж. Лёгка апранутыя дзеці разгублена стаялі ля аўтобуснай касы.

І гэта не першы выпадак, калі аўтобус не выйшаў па маршруту ў вызначаны час. Чым гэта выклікана – пасажырам невядома, таму што дыспетчары аўтабазы толькі грубяць у адказ. Ці не пара працаваць як след і культурна абслугоўваць пасажыраў?” – звяртаецца ў рэдакцыю з пісьмом А. Старанцоў, настаўнік Туркаўшчынскай васьмігадовай школы.

ВІНАГРАД… У МАІ

Аб гэтым пісала раённая газета з паметкай “ТАСС”.

Сабраны восенню вінаград можна захоўваць у свежым выглядзе да… мая. Працягнуць тэрмін захоўвання гронак дапамагае тэхналогія, прапанаваная вучонымі інстытутаў народнай гаспадаркі імя Пляханава і гандлю грамадскага харчавання.

Вінаград на месцах збору ўпакоўваюць у адкрытыя скрынкі-латкі, якія папярэдне апрацаваны метабісульфітам калію (антысептыкам). Затым скрынкі памяшчаюць у халадзільныя камеры. У час захоўвання тэмпература павінна быць ад мінус 0,5 да плюс 1 градуса, адносная вільгаць паветра – 87-90 працэнтаў. Гэты спосаб некалькі гадоў правяраўся і паказаў: вінаград захоўваецца 6 месяцаў, ягады застаюцца добра прымацаванымі да пладаножкі, не страчваюць натуральны смак і водар.

ДАПАМАГАЮЦЬ ШВАЧКІ

Швачкі з Вішнеўскага камбіната бытавога абслугоўвання лічаць сваім ганаровым абавязкам у вольны ад працы час пабываць на арцельных палетках і аказаць хлебаробам пасільную дапамогу — гэта ўжо стала добрай традыцыяй.

Напрыклад, за дзень на ўборцы бульбы сіламі швачак у калгасе імя М. Горкага было накапана 22,5 тоны бульбы. Старанна працавалі Галіна Казак, Вера Юша, Ганна Садоўская – усяго 35 чалавек.– дапамагаць калгасу ў напружаныя перыяды сельскагаспадарчых работ.

ПІСЬМЫ З МАСКВЫ

Міністр культуры Беларускай ССР атрымаў з Масквы пісьмо. Дырэкцыя, партыйны, прафсаюзны, камсамольскі камітэты і праўленне Дома культуры завода “Калібр” выказалі сардэчную падзяку Івянецкаму танцавальнаму ансамблю і Лебедзеўскай народнай харавой капэле за канцэрт перад рабочымі і служачымі завода. У пісьме пажадалі яшчэ раз убачыць калектывы ў Маскве.

Другое пісьмо з такімі ж цёплымі словамі ўдзячнасці ў адрас нашых землякоў прыйшло ў Мінскае абласное ўпраўленне культуры ад адміністрацыі маскоўскага парка культуры і адпачынку “Сакольнікі”, дзе калектывы ўдзельнічалі ў дэкадзе народных талентаў.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Амаль 10 тон памідораў сабралі з гектара ў саўгасе “Радзіма”. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы сёлетняга года, Геня Смышляй, Яніна Зайцава, Ганна Філіповіч атрымалі добры ўраджай гародніны.

Ва Усесаюзнай радыёлінейцы ў гонар 50-годдзя ВЛКСМ прынялі ўдзел піянеры раёна. Піянеры слухалі голас Масквы, затым атрымалі заданні і загады: убраць ураджай са школьнага агарода, высадзіць працоўны дэсант “Жоўты ліст” у гарадскім скверы, правесці рэйд па збору металалому, падклеіць кнігі ў школьнай і дзіцячай бібліятэках, убраць школьны двор, сад, кветнікі.

На Івянецкай фабрыцы мастацкай керамікі і вышыўкі добрая слава ў змены строчавышывальнага цэха, якой кіруе майстар Рэгіна Дрозд. Узоры майстэрства паказваюць вышывальшчыцы Станіслава Сакалоўская, Алена Вялічка, швачкі Марыя Нярон, Леакадзія Глінская. За першае паўгоддзе дружны калектыў выйшаў пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве.

Выставу кветак штогод праводзяць піянеры і камсамольцы Сугваздаўскай васьмігодкі. Арыгінальны букеты з вяргіняў, гваздзік, настурак і іншых кветак, вырашчаных вучнямі, выстаўляюцца ў школьным фае. Асабліва прыгожыя букеты стварылі Іна Шарко, Іра Ушацкая, Оля Пракаповіч.

Не менш за 500 вазоў яловых галінак нарыхтоўваюць садаводы саўгаса “Ракаўскі”. Галінкамі працаўнікі абвязваюць дрэвы, што дазваляе абараніць кару ад пашкоджання зайцамі і захаваць сад, які раскінуўся на 80 гектарах.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий