ЗАЛАТАЯ ВОСЕНІ ПАРА СВЯТА ПАДАРЫЛА ПЕДАГОГАМ

Официально

На мінулым тыдні ў раёне прайшло святкаванне Дня настаўніка. Лепшыя педагогі Валожыншчыны, ветэраны працы сабраліся ў кінатэатры “Юнацтва”. На працягу амаль дзвюх гадзін у зале не сціхалі апладысменты, адрасаваныя прадстаўнікам гэтай пачэснай прафесіі, для іх гучалі песні, ладзіліся міні-сцэнкі ў выкананні зычлівых калег і ўдзячных вучняў.

Цяжка пераацаніць ролю настаўніка ў сённяшнім жыцці. Як справядліва заўважыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму

.

райвыканкама Н. А. Чарнышова, ад майстэрства педагога, цеплыні яго сэрца залежыць будучыня нашай краіны. На настаўніка ўскладаецца вялікая адказнасць весці па жыцці чалавека ад малых гадоў да даросласці, песцячы ў душах парасткі святла, дабрыні, гуманізму, прывіваючы любоў да роднай зямлі і яе людзей. Гэту думку прадоўжыў у віншавальным выступленні намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Пётр Іосіфавіч пажадаў усім настаўнікам Валожыншчыны міру, дабра, святла, кемлівых і паслухмяных вучняў. А затым застаўся на сцэне, каб уручыць лепшым прадстаўнікам педагагічнай сям’і раёна за добрасумленную працу і дасягнутыя поспехі ў адукацыі і выхаванні падрастаючага пакалення Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама аб’явіць падзякі раённага выканаўчага камітэта. Сёлета высокіх рэспубліканскіх узнагарод удастоены дырэктар Вішнеўскай школы-сада Ала Віктараўна Клімкова і намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 «Пралеска » Валожына Святлана Іванаўна Белановіч. Падзякі райвыканкама аб’яўлены настаўніку англійскай мовы Івянецкай сярэдняй школы В. А. Альшэўскай, метадысту Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна І. С. Ваньковіч, дырэктару Сакаўшчынскай школы-сада імя В. А. Каваленкі Г. Г. Гаспарэвіч, настаўніку пачатковых класаў Ракаўскай сярэднай школы Г. К. Ісмагулавай, настаўніку гісторыі і геаграфіі Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната В. У. Марзаку і намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 «Вясёлы вулей» М. І. Стасяловіч.

Са словамі віншавання і прызнання да педагогаў звярнуўся і старшыня абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі М. М. Башко. Са слоў чыноўніка, ён па-новаму адкрыў для сябе Валожыншчыну педагагічную, унікальную сваімі настаўніцкімі традыцыямі і няўрымслівымі сейбітамі ведаў, гатовымі не толькі вучыць дзяцей “разумнаму, добраму, вечнаму”, але і абараніць гонар школы і нават усяго раёна ў творчых конкурсах. У прыватнасці, менавіта такія педагогі Івянецкай школы Таццяна Фёдараўна Далідовіч, Вера Іванаўна Лямбовіч, Лілія Іванаўна Мельячэнка, Ніна Іванаўна Асіпацкая, Ларыса Іванаўна Целяшэўская і Галіна Міхайлаўна Трасцянка. Гэтыя настаўнікі стварылі ўласны вакальны гурт ветэранаў сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза “Равесніцы”, выступленні якога не пакідаюць слухачоў раўнадушнымі. Іх Мікалай Мікалаевіч і запрасіў на сцэну, каб уручыць Ганаровую грамату абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

У той дзень колькасць узнагароджаных Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама папоўнілі 7 настаўнікаў, Падзячныя лісты начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама атрымалі яшчэ 6. Скарбонкі ўзнагарод 18-ці прадстаўнікоў слаўнай педагагічнай сям’і раёна пабагацелі на Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. 2-х педагогаў адзначыла раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

А далей на свяце для прысутных гучалі песні, вучні і настаўнікі паказвалі танцавальныя нумары. Павіншавала са сцэны колішніх калег па працы і сённяшняе педагагічнае пакаленне ўласнымі пранікнёнымі вершаванымі радкамі Марыя Антонаўна Шакун. З музычным прывітаннем выступіў згаданы вышэй вакальны гурт «Равесніцы». Дарылі песні салісты раённага Цэнтра культуры. Атмасфера залы была шчодра напоена дабром, цяплом бязмежных настаўніцкіх сэрцаў і глыбокім прызнаннем іх выхаванцаў – як сённяшніх, так і тых, хто ўжо даўно пераступіў школьны парог і пакрочыў у самастойнасць. Вось яна – найлепшая ўзнагарода…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий