Ператвараць непрыметныя празрыстыя шкляныя кубкі, сподачкі, талеркі ў яркія эксклюзіўныя сувеніры вучаць маленькіх мастакоў у раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Роспіс па шкле – новы кірунак у творчай дзейнасці гэтай установы.
Сакрэты такога мастацтва адкрывае дзецям малады спецыяліст Вольга САФРОНАВА. У гурток “Вясёлка ідэй”, якім кіруе супрацоўніца, ужо запісалася больш за 20 дапытлівых школьнікаў.
Сярод перспектыўных ініцыятыў маладой выкладчыцы-мастачкі – навучыць школьнікаў і асновам лозапляцення.
Падуладная Вользе і старажытная тэхніка габелена. Менавіта насценны сатканы дыванок “Перад навальніцай” стаў яе дыпломнай работай падчас заканчэння Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжу. Тут чатыры гады Вольга Сафронава вучылася на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкай апрацоўкі дрэва. Таму ў гуртку хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць таксама спасцігаць азы роспісу і разьбы па дрэве. Іх выкладчыца з дрэвам на “ты”, ведае асаблівасці кожнай пароды, яна здольная выразаць са звычайнага бервяна арыгінальныя пано складанымі вытанчанымі барэльефамі…
Тэкст і фота
Алены ПАШКЕВІЧ.