А НА ДУШЫ – ВЯСНА…

Общество

Тое, што пажылыя людзі здольны ў многім «перашчагаляць» маладых, яшчэ раз даказаў конкурс «Ану, бабулі!», які адбыўся ў раённым Цэнтры культуры. Мерапрыемства было прымеркавана да міжнароднага Дня пажылых людзей, але сабраліся на яго прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Ужо адно тое, што месцы ў глядацкай зале амаль не пуставалі, яскрава сведчыла – чакаецца нешта цікавае! І спадзяванні апраўдаліся.

Хор ветэранаў працы «Спяваючыя сэрцы», якім вось ужо другое дзесяцігоддзе кіруе Я. І. Харук, даў святу творчы, пазітыўны старт.

.

Гэты калектыў даўно заваяваў любоў і павагу валожынцаў, пра яго майстэрства ведаюць далёка за межамі раёна, але кожны раз, як слухаеш іх выкананне, то здаецца, што так чыста і прыгожа яны яшчэ не спявалі!

Сярод харыстак адшукаліся і тыя, хто рызыкнуў паспытаць сілы ў конкурсе «Ану, бабулі!» – Надзея Васільеўна Сёміна і Зінаіда Уладзіміраўна Крутэнка. Канкурэнцыю ім склалі Яўгенія Аляксееўна Прапаршчык, Яўгенія Станіславаўна Урбан, Леакадзія Ігараўна Жудрык, Леаніда Уладзіміраўна Далінкевіч і Марыя Аляксееўна Іода. Падбадзёрыць канкурсантак шчырымі словамі прыйшлі адказныя работнікі райвыканкама: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. В. Садоўскі, начальнік аддзела культуры, ідэалогіі і работы з моладдзю М. В. Адамовіч, старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Зоя Мікалаеўна Дубіна. Не засталося ўбаку і грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» – для ўдзельніц конкурсу члены арганізацыі падрыхтавалі каштоўныя падарункі.

.

Апошнім часам катэгорыя «бабулі» перацярпела значныя метамарфозы. Сучасная бабуля, як паказвае рэчаіснасць, сочыць за модай, з густам апранаецца, сябруе са спортам, любіць падарожнічаць, вызначаецца актыўнай жыццёвай пазіцыяй і імкнецца творча самарэалізавацца.

Гледзячы на канкурсантак, можна было пераканацца – яны знаходзяцца ў тым самым прыгожым і шчаслівым узросце, які толькі адводзіцца жанчыне лёсам: дзеці – выраслі, унукі – падгадаваны, вольнага часу хапае і ніхто не забараняе распараджацца ім па ўласным жаданні, яшчэ грэх скардзіцца на знешнасць, а вочы дык і наогул гараць маладым бляскам.

Кожная прадстаўніца «слабай» паловы чалавецтва заўсёды трохі какетка. І як эфектна гэтым прыёмам карысталіся жанчыны! Прыхільніца шэйпінгу, модніца і весялуха З. У. Крутэнка называла сябе – «баба Зіна», выклікаючы тым самым у зале воклічы захаплення і апладысменты. Бо вельмі ж ужо не пасавала ёй гэта слова «баба», яна хутчэй – «паненка»…

Трохі сарамлівая, ціхая, спакойная Яўгенія Аляксееўна Прапаршчык сціпла зазначыла, што ў яе двое сыноў і чатыры хлопчыкі-ўнукі. З такой мужчынскай аховай адчуваць сябе слабай жанчына мае поўнае права!

.

З усёй шыратой рускай душы расказала пра сябе і сваю сям’ю Надзея Васільеўна Сёміна. Яна падрыхтавала выставу рукадзельных вырабаў, мультымедыйную прэзентацыю, выканала на сцэне рускую народную песню і прапанавала журы ацаніць смакавыя якасці «Лебядзінага возера», якое яна прыгатавала з заварнога цеста і крэму.

Яўгенія Уладзіміраўна Урбан падзялілася запаветнай марай – пабываць у Парыжы, прачытала са сцэны ўласныя вершы і пад шквал апладысментаў вынесла ў залу…вожыкаў на падносе! Звяркі былі з шакаладу, але выглядалі так праўдападобна, што падумалася: «Дык гэта ж нейкі дар скульптара ў чалавека!»

Вельмі паэтычна апісала свой лёс Леакадзія Ігараўна Жудрык: «Нарадзілася я ў пушчанскай вёсцы з прыгожай назвай Дарагунь. Вёсачку агінае хуткаплынная Іслач. Магчыма, дзякуючы таму, што перад вачыма заўсёды была непаўторная прырода, нарадзіліся ў мяне і два сыночкі-дубочкі…». Яна і два кулінарныя вырабы падрыхтавала да конкурсу: пірог і каравай.

Перад тым, як зайсці ў глядацкую залу, кожны наведвальнік абавязкова спыняўся каля паліцы, на якой красаваліся карункавыя вырабы Марыі Аляксееўны Іоды. Ды і на сцэне гэта жанчына выглядала арганічна: жартавала з лёгкай самаіроніяй, артыстычна стварыла гратэскны вобраз бабулі, якая нават вершы на памяць гатова вучыць за любага ўнука…

А вось Леаніда Станіславаўна Далінкевіч паэтычныя радкі, што выйшлі з-пад пяра яе ўнука, з задавальненнем прачытала ўсім прысутным.

Кожная з жанчын у той дзень была вартая перамогі. Ды яны і на самой справе пераможцы – пераможцы над узростам. Удаецца гэта далёка не кожнаму.

Вядома, што ў кожнай абаяльнай жанчыны ёсць свая таямніца. Але адзін сакрэт, агульны для ўсіх канкурсантак, які ўдалося разгадаць падчас конкурсу «Ану, бабулі!», хачу выдаць чытачам: неабходна мець занятак па душы. І чым сталей становішся, тым больш ён патрэбны. Любімая справа і жыццёвая актыўнасць здольныя супыніць бег дзесяцігоддзяў, яны не даюць розным балячкам браць у палон цела, акрыляюць душу, а яшчэ натхняюць іншых быць актыўнымі і жыццярадаснымі.

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий