ЯК РАДУЕ СПРАВА, ТО БУДЗЕ І СЛАВА

Культура

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры і Дня маці ў суразмоўцы вырашылі паклікаць дырэктара раённага музея Наталлю Паўлаўну ЛОЎЧУЮ, культработніка з трыццаціпяцігадовым стажам і клапатлівую матулю.

— Наталля Паўлаўна, найперш прыміце самыя шчырыя віншаванні са святочнай нагоды. Пачніце свой расказ з той тэмы, якая Вам найбольш дарагая…

— Ніколі не стамлюся расказваць пра сваю родную вёску Лужаны, колішняга Сугваздаўскага сельсавета. Для мяне гэта самы лепшы, самы маляўнічы куток на свеце. З кожнага акна нашай хаты відаць лес: дзе з меднастволымі соснамі, дзе бярозы ў перамешку з клёнамі – такі розны і такі прыгожы. Зараз, калі ў Лужанах некаторыя дамы выстаўляюцца на продаж, у мяне часам пытаюцца, ці добра тут дачнікам. То я так распісваю, што сумненняў у людзей не застаецца. І ніхто потым не абвінаваціў мяне ў перабольшанні. Ды і радыяцыя вёску не накрыла.

У Лужанах летам жыве мама, ёй 88 гадоў. На зіму яна перабіраецца да маёй старэйшай сястры ў горад. Так што я яшчэ знаходжуся ў шчаслівай іпастасі дачкі, хоць сама ўжо і бабуля.

Бацькі нашы – простыя людзі, усё жыццё працавалі ў калгасе. Але і сярод адукаваных людзей не часта сустракаюцца такія цікавыя субяседнікі, як мамачка. Яна да драбніц памятае жыццё за польскім часам, вайну. Калі мне для работы неабходна было даведацца пра царкву Св. Параскевы, што калісь стаяла па вуліцы Леніна ў райцэнтры, мама расказвала, бы перад яе вачыма была карціна. Такая ўважлівасць да дэталяў уласціва хіба што пісьменнікам. Збіраюся запісаць за мамай самыя цікавы факты, толькі рукі ўсё не даходзяць…

— Як выбіралі прафесію?

— Мяркую, многія заўважалі, што жыццё, лёс ці якія іншыя сілы часам нешта рашаюць за чалавека. Так здарылася і са мной. Школу скончыла, калі не мела яшчэ і сямнаццаці гадоў. Бацькі рашылі, што пачынаць самастойнае жыццё такому дзіцяці ранавата. А я і не спрачалася. У нашым доме тады жыла дзяўчына-кватарантка, якая працавала ў Лужанах бібліятэкарам. Два гады пасля размеркавання скончыліся, у Магілёве яе чакаў жаніх, а з работы дзяўчыну не адпускалі. Загадчык аддзела культуры райвыканкама Грышкевіч паставіў умову: знойдзеш замену – можаш звальняцца. Кватарантка пачала прасіць мяне заняць яе месца. Мае бацькі таксама лічылі, што дзяўчыне неабходна ісці замуж. І вось у жніўні 1977 года я першы раз пераступіла парог бібліятэкі як гаспадыня. На наступны год падала дакументы на завочнае аддзяленне Мінскага інстытута Культуры, скончыла яго і ніколі аб гэты не пашкадавала. Бібліятэкарскую справу люблю. Калі прапанавалі стаць дырэктарам музея, то доўга вагалася.

— Вы строгі кіраўнік?

— Не строгі. Рэдка, але бывае, што нехта з падначаленых нешта «запароў». Трэба зрабіць заўвагу, а я пакутую, магу не спаць ноч. Калектыў свой люблю і паважаю. Заданні стараюся не размяркоўваць, а шукаю добраахвотнікаў. Калі чалавек бярэцца за справу па ўласным жаданні, а не па прымусу, то вынік заўсёды будзе лепшым. Прытрымліваюся і такога прынцыпу: «Хочаш, каб было зроблена добра – зрабі сама…»

— Вядома, што характар чалавека закладваецца ў дзяцінстве. Якое яно ў Вас было?

— Вучоба давалася лёгка, мне дастаткова было ўважліва паслухаць настаўніка, каб засвоіць матэрыял. А вось сястра старанна зубрыла ўсе прадметы, што мяне вельмі раздражняла. Мне хацелася з ёй пагуляць, а яна ўсё «бу-бу-бу»…

Памятаю, бацькі паставілі каля печы цэбар з брагай, накрылі посцілкамі, каб лепш брадзіла. Сястра з кніжкай уселася на край цэбра вучыць вершык. Мяне такое зло на яе ўзяло! Не стрывала — штырхнула з усёй сілы. Папала ад бацькоў абедзвюм.

У школе білася з хлопцамі, калі яны мяне дражнілі «Шчучкай» (ад прозвішча – Шчуцкая). Але пры гэтым на Дошцы Гонару «вісела».

Як і ўсе вясковыя дзеці, дапамагала бацькам па гаспадарцы. Таму, напэўна, больш запомніліся зімовыя забавы: як каталіся з гары на жалезных «скабах», як коўзаліся на сажалцы.

— Што з сялянскай працы найбольш любілі?

— Працаваць нас вучылі не для задавальнення. Трэба – значыць трэба, люба ці не – не пыталіся, і асабліва не замарочваліся, каб хаця дзіця не стамілася. Дома наогул панаваў строгі ўклад і парадак. Напрыклад, днём нельга было сядзець на ложку. Гэта месца толькі для спання. Для сядзення – табурэтка, крэсла, зэдлік. Нельга было кідаць рэчы куды папала. Таму дома ў нас заўсёды было чыста і хораша. З узростам я ацаніла, наколькі патрэбнай аказалася тая навука. Часам хтосьці з сябровак скардзіцца: «Добра, як ты ўмееш быць такой арганізаванай. А я пяць паліц у шафе ператрасу, пакуль адшукаю патрэбную хустку…» Не разумею я такіх. Ну, затрымайся на секунду, але пакладзі рэч куды трэба… Знаёмыя сцвярджаюць, што я – тыповы педант…

— Сыноў сваіх Вы таксама ў строгасці выхоўвалі?

— Як і кожная маці, я жадала дзецям толькі дабра. Любіла іх, люблю, але і спуску не давала. Як раздурэюцца, бывала, мае хлопцы, роўна дзевяноста дзевяць раз спакойна зраблю заўвагу. А потым цярпенне заканчвалася. І ў ход ішлі непедагагічныя метады выхавання. Такой лупцоўкі атрымаюць, што доўга потым памятаць будуць… Праўда, з унукамі я ўжо не такая. Нават голасу на іх не павышаю. Калі што не так, то лепш бацькам выгавару. Ну, напрыклад, сядзіць унук Стасік на канапе і выразае нейкія кружочкі, што задалі ў школе. Мне здаецца – трэба пасадзіць дзіця за стол, каб яно прывыкала, што для заняткаў ёсць рабочае месца. Але хто прыслухоўваецца? У адказ чую: «Ай, мама, хай рэжа, дзе хоча. Абы нам галаву не дурыў…»

Успамінаю, дык і я ў маладосці магла сказаць сыну «адчапіся», «не маю часу», «потым»…

— Чым займаецеся ў вольны час?

— Люблю вязаць – пруткамі, кручком. Як вазьму вязанне ў рукі, то і пра час забываюся. Стараюся бываць на канцэртах, у тэатры. Люблю кампаніі. Маю шмат сяброў. Калі вечарам тэлефон маўчыць, то пачынаю хвалявацца. Людзей выбіраю інтуітыўна. Пасля кожнай пабыўкі ў санаторыі ці якой турыстычнай паездкі абавязкова завязваюцца новыя знаёмствы. Люблю збіраць грыбы. Нават дрэннае самаадчуванне не бярэцца ў разлік, калі чую, што ў лесе высыпалі падасінавікі ці лісічкі. У вольны час ахвотна чытаю часопісы «Алеся», «Гаспадыня» і газету «Працоўная слава». Перавагу аддаю тым серыялам, дзе сюжэтная лінія лёгкая, каб проста адпачыць перад тэлевізарам. Радыё ў мяне як член сям’і, не выключаю яго ніколі. Памятаю, як сумавала доўгі час без яго ў новай кватэры. Як пераклейвала шпалеры, высветлілася, што разетка пад радыё ёсць, а дрот да яе не падведзены. Тут жа набыла электрапрыёмнік. Добра ўплываюць на мой душэўны стан лірычныя песні. Слухаць іх не стамляюся.

— Што больш любіце: атрымліваць падарункі ці дарыць?

— І атрымліваць люблю, і дарыць. Як чалавек практычны, да сувеніраў раўнадушная, лічу, што падарунак павінен прыносіць карысць, а не пыліцца на паліцы. Сябры і знаёмыя гэта ведаюць, таму не саромеюцца патэлефанаваць перад днём нараджэння і папытацца, што мне купіць. Заўсёды дома трымаю падарункавы «НЗ», на выпадак, калі нечакана запрасілі ў госці, а ісці з пустымі рукамі не хочацца. Да ўсіх свят рыхтуюся загадзя. Ужо нават ведаю, каму што «пад ёлачку» пакладу.

— У навагоднюю казку верыце?

— Думаю, што нават самы «сухі» прагматык не адмовіцца хоць раз у жыцці сутыкнуцца з цудам. Таму і ў казку трэба верыць. Пераканана, што мы, людзі старэйшага пакалення, большыя летуценнікі, чым моладзь. Успомніце, якія раней былі ёлачныя цацкі: гронкі вінаграду, ракеты, хлопчыкі і дзяўчынкі ў нацыянальных строях, шышачкі і вавёрачкі. Глядзіш на ёлку, аж вочы разбягаюцца, столькі на ёй дзівосаў. А цяпер усё шары, банцікі, званочкі. Прыгожа, стыльна, але без рамантыкі.

— Кажуць, што «прывычка – другая натура». Ці ёсць у Вас дзіўныя прывычкі?

— Прывычка завязваць фартух. Заўсёды насіць фартух дома нас з сястрой навучыла мама. Бывае, што накіну плашч ці паліто, забыўшыся пра гэты хатні атрыбут гардэробу ды і прыйду ў ім на работу. Вось тады ўжо калегі нада мной падсмейваюцца!

— Не крыўдуеце на іх? І наогул, ці лёгка прабачаеце чалавеку яго правіны?

— Там дзе ёсць прычына для лёгкага гумару, чаму б не пасмяяцца? Ды і самаіронія мне ўласціва. А вось наконт даравання віны складаней. Згодная з тым, што трэба ўмець дараваць і дараваць усё. Але асабіста за сабой такой уласцівасці не адчуваю. Калі нехта падмануў, здрадзіў, то такі чалавек для мяне перастае існаваць. І ён ужо ніколі не ўваскрэсне ў маёй душы.

Калі сутыкаюся з нечым прыкрым, дрэнным, то не пабаюся зрабіць заўвагу, наставіць чалавека «на путь истинный». Каля нашага музея людзі ходзяць у паліклініку, часта з малымі дзецьмі. Фанцікі ад цукерак, упакоўкі ад чыпсаў кідаюць прама пад ногі. Сваруся на такіх праз акно, застаўляю прыбраць за сабой смецце. І звычайна дабіваюся поспеху.

— Наталля Паўлаўна, Вы добра ведаеце Валожыншчыну, яе гісторыю. А ў якую мясціну ахвотней за ўсё наведваецеся?

— Цяжка сказаць. Здаецца, усе населеныя пункты для мяне дзеляцца да дзве групы. У адной – родныя Лужаны, у другой – усе іншыя. Але калі б паўстала пытанне выбару месцажыхарства, то перавагу аддала б лясной мясцовасці. Вось да вадаёмаў я раўнадушная, ды і наогул, вады баюся.

— Якія Вашы кулінарныя прыярытэты?

— Як жартаваў нехта з гумарыстаў, густ мой просты – люблю усё самае лепшае. Упэўнена, што найсмачнейшыя стравы мы каштавалі ў дзяцінстве. Капуста ў чыгунку за засланкай, кавалачак кумпяка, што тата прывозіў з сенажаці ў якасці «зайчыкавага хлеба», мятныя пернікі з сельмага. Яшчэ мама ўмела нейкім асаблівым спосабам мачыць журавіны, каб потым паліваць імі вараную бульбу. Бульба з журавінамі ў нашай сям’і лічылася асаблівым ласункам.

— Не будавалі планы на пенсію?

— Перамены мяне заўсёды палохаюць. Ведаю, што з задавальненнем бы перабралася ў Лужаны, разгарнула б добрую гаспадарку, пасадзіла б вялікі агарод. Але хіба адной жанчыне такі фронт работы па сіле? А на меншае я наўрад ці пагаджуся, бо ў плане работы я максімалістка. І людзей люблю няўрымслівых, не схільных сябе шкадаваць, гатовых жыць, як гаворыцца, на поўную катушку…

— Ад імя чытачоў жадаю Вам, Наталля Паўлаўна, жыць на поўную катушку і не ведаць стомы ні на ніве культуры, ні на грамадскай працы, ні ў прыватным жыцці.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

Фота з архіву Н. П. Лоўчай.

 



Добавить комментарий