Увосень за стваральную працу ўшаноўваюць не толькі хлебаробаў. У кастрычніку зала РЦК традыцыйна збірае школьнікаў і навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, якія ўсё лета працавалі ў студэнцкіх атрадах раёна. На гэты раз урачыстае падвядзенне вынікаў працоўнага сезона прайшло пад дэвізам “Будучыня належыць моладзі”.
Больш за 70 юнакоў і дзяўчат знайшлі магчымасць добра зарабіць за час летніх канікул, дзякуючы ініцыятыве штаба студатрадаў пры раённым камітэце БРСМ. У створаных у раёне 6 працоўных атрадах моладзь змагла істотна папоўніць свае даходы, зарабляючы ў месяц ад 1 да 4 мільёнаў рублёў.
На базе райспажыўтаварыства дзейнічаў сэрвісны атрад “Школьнік”. Падлеткі працавалі на раскладцы тавараў у магазінах райцэнтра і Ракава.
Экалагічны атрад “Грэнада” з 13 ліцэістаў, наймальнікам якога было РУП “Валожынскі жылкамунгас”, займаўся добраўпарадкаваннем горада. Юнакі і дзяўчаты наводзілі парадак і на гарадскім могільніку. У выніку ліцэісты выканалі аб’ём работ на агульнай плошчы ў 5000 кв. м.
ААТ “ПМК-188” дало магчымасць добра падзарабіць будаўнічаму атраду ліцэістаў, якія дапамагалі на ўзвядзенні фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры, а таксама на будаўніцтве малочна-таварнай фермы ў Дубіне. Атрад івянецкіх школьнікаў падсабляў вопытным будаўнікам на ўзвядзенні жывёлагадоўчай фермы ў Судніках, тут наймальнікам выступіла ЗАТ “Белбудаўніцтва”.
У жніўні, калі пачалася масавая ўборка хлеба, арганізавалі ў раёне два сельскагаспадарчыя атрады. На зернетаках СВК “Пяршаі” працавалі старшакласнікі з Пяршайскай СШ. Юнакі і дзяўчаты з Гародзькаўскай сярэдняй школы дапамагалі на зернетаках ААТ “Лоск”.
На свяце, калі падводзіліся вынікі працоўнага лета, у зале РЦК самым старанным і працавітым школьнікам і ліцэістам уручылі падзякі і каштоўныя падарункі ад раённага камітэта БРСМ і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Лепшымі ўдзельнікамі студатрадаў назвалі Аляксандра Іоду, Наталлю Клімянчук, Аляксандра Качынскага, Іллю Раўко, Кацярыну Шумскую, Вікторыю Голуб, Паўла Язерскага і Дзмітрыя Гаспарэвіча.
Падзяку райвыканкама атрымаў і Іван Мікалаевіч Бугай, кіраўнік будаўнічага атрада ліцэістаў.
Дарэчы, сёлетні год для студатрадаўскага руху – юбілейны. Далёкім летам 1963-га 2500 беларускіх студэнтаў адправіліся на будаўніцтва аб’ектаў Заходне-Казахстанскага краю. А на наступны год 7 тысяч юнакоў і дзяўчат пачалі працаваць на будоўлях і прадпрыемствах нашай краіны. Так 50 гадоў таму з’явіліся першыя студэнцкія атрады. Слаўныя працоўныя традыцыі паспяхова працягваюцца і ў наш час.
Алена ПАШКЕВІЧ.