НІХТО НЕ ЗАСТАЎСЯ ЎБАКУ

Общество

Ініцыятары добрых спраў, улюбёныя ў родную прыроду,  вырашылі прыбраць невялічкую рачулку Пяршайку, якая працякае ў нашым раёне. Для гэтага быў арганізаваны суботнік пад лозунгам “Зробім лепш”.

Наш зямляк Максім, які прыехаў разам з сябрамі, распавядае: “Я сам з Валожына, вучуся ў Мінску. У “Працоўнай славе” прачытаў, што будзе ачыстка Пяршайкі, вось і вырашыў прыехаць дапамагчы. Праўда, смецця шмат было накідана, таму за адзін раз не справіліся. Зрабіць Валожынскі край прыгажэйшым – задума добрая: кожны можа зрабіць лепш для свайго горада, раёна, краіны, і на гэта не трэба шмат высілкаў. Больш жадання! Віталь, які размясціў абвестку і з якім мы скантактаваліся, — добры хлопец. Дамовіліся, што прыедзем яшчэ сюды, каб разам дакончыць распачатую працу”.

Не засталіся ўбаку і мясцовыя жыхары. Часлаў Адамовіч з Даўгулёўшчыны з задавальненнем правёў нас да рачулкі, і ад яго мы пачулі наступнае: “За польскім часам нашу Пяршайку называлі Томкаўка, раней гэта было цудоўнае месца. Сюды прыязджала моладзь купацца, ды  рыбы хапала: калгас тут разводзіў карпа і белага амура. Потым было створана штучнае возера, якое і перакрыла Пяршайку. І бачыце, у што ператварылася: зарасло ўсё, людзі сметнікам завалілі, жах проста… Хацелася б, канешне, каб тут адрадзілі гэтую рэчку, але, вядома, шмат спраў у гаспадаркі  без гэтага. Добра, што ёсць такія маладыя людзі, якія клапоцяцца аб нашай прыродзе”.

Адзін з такіх маладых ініцыятыўных людзей Віталь дзеліцца ўбачаным і зробленым: “Хочацца падзякаваць усім, хто адгукнуўся на дапамогу, асабліва мясцовым жыхарам, якія па першым жа поклічы прыйшлі на суботнік. Вельмі радуе, што сярод іх была і мясцовая моладзь, і моладзь са сталіцы, неабыякавая да праблем свайго краю. Праўда, шмат яшчэ смецця засталося – уласнымі сіламі мы проста не змаглі справіцца. Таму планую звязацца з кіраўніцтвам гаспадаркі і папрасіць, каб дапамаглі нам тэхнікай.

А сустрэцца зноў ля Пяршайкі, каб ачысціць яе ад бруду і тым самым уратаваць нашу рачулку, дамовіліся на традыцыйным лістападаўскім суботніку, куды і запрашаем усіх ахвотных”.

Сапраўды, што можа быць лепш за добрую справу? Зробленая са старымі і новымі сябрамі, яна падымае настрой і дае надзею на станоўчы вынік.

Аляксей ЛУКАШЭВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий