Расціце, дрэўцы, мацуйце прыгажосць!

Официально

Каля 100 саджанцаў паркавых дрэў з гадавальніка Валожынскага доследнага лясгаса атрымалі пастаянную прапіску на вуліцах райцэнтра падчас правядзення раённай акцыі “Пасадзі дрэва!”

Мерапрыемствы па азеляненні і добраўпарадкаванні горада Валожына арганізаваў аддзел архітэктуры райвыканкама сумесна з раённым камітэтам БРСМ.

Саджанцы клёну, дуба, каліны, рабіны і жоўтай акацыі з’явіліся ў мінулы чацвер у цэнтры горада, упрыгожыўшы двор новага сацыяльнага дома, здадзенага ў эксплуатацыю ў жніўні бягучага года. 10 актывістаў БРСМ – навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя – за чатыры гадзіны дружна справіліся з пасадкай 30 дрэў.

У малады парк ператварыліся і пустыя ваколіцы ля цудадзейнай праваслаўнай крыніцы, што ў канцы вуліцы Кірава. У пятніцу на добраўпарадкаванні тут працавалі ліцэісты разам з работнікамі культуры.

Завяршэнне “зялёнай” акцыі супала з абласным суботнікам. У гэты дзень дзясяткі маладых дрэўцаў ажывілі дваровую тэрыторыю жылога кааператыва “Эльбрус” па вуліцы Савецкай райцэнтра.

Будзем спадзявацца, што вясной кволыя парасткі падужэюць, убяруцца ў сілу і парадуюць сваіх клапатлівых “садоўнікаў” першай трапяткой лістотай, а ў старажытным горадзе прыкметна пахарашэе.

Алена ПАШКЕВІЧ

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий