З КЛОПАТАМ ПРА БЛІЖНЯГА

Общество

Калі б патрэбна было падабраць эпіграф да прыёму грамадзян першым намеснікам старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Т. А. Дамарацкай, то найлепш бы падышоў біблейскі запавет «любі бліжняга…».

Падчас візіту Таццяна Аляксандраўна пастаралася засяродзіць увагу спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама на трох момантах: ахова працы і тэхніка бяспекі, матэрыяльнае заахвочванне работнікаў, актывізацыя прафсаюзаў.

Задача пазбегнуць вытворчага траўматызму сваёй актуальнасці не траціць. І хоць у параўнанні з мінулым годам колькасць смяртэльных выпадкаў на рабочым месцы ў раёне зменшылася з пяці да аднаго, радавацца і расслабляцца рана. Па-ранейшаму ёсць прадпрыемствы і арганізацыі, асабліва ў прыватным сектары, якія ігнаруюць прафілактычную работу па тэхніцы бяспекі. Спадзяюцца на «авось пранясе», а потым, на жаль, бывае позна. Таццяна Аляксандраўна прывяла прыклад, які назірала на будоўлі аднаго з дамоў-інтэрнатаў: трое будаўнікоў без страховачных рамянёў і касак уздымаліся на рыштаванні (леса), вышынёй, прыкладна, з трохпавярховы дом. Тут жа стаяў прараб і спакойна назіраў, яму было ўсё роўна: людзі подпісы ў графе «прайшлі інструктаж» паставілі. Магчыма, і не задумваўся, што ў выпадку трагічнага здарэння, ён будзе звольнены з работы.

Выкананне патрабаванняў па ахове працы, тэхніцы бяспекі неабходна кантраляваць, пастаянна, як найчасцей, напамінаць пра самыя простыя правілы. Прымаўка «вада і камень точыць» не лжэ. Члены раённай камісіі па ахове працы пацвярджаюць: дабіцца ад механізатара прыстойнага знешняга выгляду можна, асабліва калі некалькі разоў зрабіць яму папярэдне заўвагу… Глядзіш, за прывычкай насіць спецадзенне пакрысе пачнуць «падцягвацца» да чалавека і іншыя добрыя навыкі.

Не толькі фізічныя, але і душэўныя траўмы можна атрымаць на рабоце. Стрэсы, пастаяннае эмацыянальнае напружанне, часта даводзяць людзей да бальнічнага ложка. Пад псіхалагічны прэсінг, як правіла, падпадаюць не самыя горшыя падначаленыя. Што можна ўзяць з лайдака ці аматара зазірнуць у чарку? А вось сумленны, дысцыплінаваны чалавека зробіць усё, каб даказаць сваё старанне і прафесіяналізм. Толькі не грэх напомніць строгаму начальніку, што яму ніхто не даваў права крычаць на падначаленых, прыніжаючы гэтым іх і сваю чалавечую годнасць.

Т. А. Дамарацкая выдатна ведае пра самае балючае пытанне – невысокія зарплаты. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый надзелены ўладай матэрыяльна заахвочваць найбольш паспяховых супрацоўнікаў: даваць прэміі, даплаты за кантракт і інш. Не варта кіравацца толькі тарыфікацыйнай сеткай і чакаць, калі вышэйшае начальства дасць адмашку на павышэнне зарплаты.

У кожным працоўным калектыве павінна ўсталявацца дружалюбная атмасфера. Тут многае залежыць і ад таго, наколькі рацыянальна расходуюцца прафсаюзныя сродкі. Набыць тую ж наглядную агітацыю па прафілактыцы вытворчага траўматызму, выдзеліць грошы на карпаратыўнае свята – гэта па сіле прафсаюзам. У нечым вінаваты і радавыя члены руху, якія абмяжоўваюцца толькі выплатай узносаў і не патрабуюць ад старшынь камітэтаў дапамогі і актыўнасці.

На прыём да Т. А. Дамарацкай з хвалюючым пытаннем звярнуўся жыхар Івянца, дырэктар мясцовага вучэбна-вытворчага камбіната А. А. Ахрэм. Установа, якой ён кіруе, запатрабаваная і паспяховая, пра што сведчаць іх неблагія прыбыткі. Тым не менш, над ВВК ужо навіс «дамоклаў меч» – на будучы год іх закрываюць. Чатырнаццаць чалавек пяройдуць у катэгорыю беспрацоўных, некаторыя – літаральна на парозе пенсіі. А знайсці работу ў пасёлку не проста. Антон Антонавіч згодзен адкрыць прыватную аўташколу, але браць у арэнду ўсе пустуючыя плошчы камбіната – непад’ёмны цяжар. Адных падаткаў давядзецца плаціць 140 мільёнаў у месяц.

Таццяна Аляксандраўна паабяцала прыехаць у бліжэйшы час у Івянец і на месцы разабрацца, чым можна дапамагчы ў такой сітуацыі.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий