ШАВЕЦКАЙ СПРАВЕ НАВУЧЫЎ БРАТ

Культура

Аляксандр Ануфрыевіч ПРАКОПЧЫК з Брылькоў калісьці валодаў рамяством ручнога пашыву абутку, якое зараз паступова знікае. Памяць і зараз захоўвае ўсе этапы гэтай работы – ад дублення авечай і цялячай скуры да пашыву халявы, апрацоўкі падэшвы і абцаса.

…Людовік XIV быў непераўзыдзены фарсун – любіў хадзіць на чырвоных абцасах, якія сімвалізавалі каралеўскую ўладу. Такая мода цягнулася яшчэ са старажытных, візантыйскіх часоў. Імператары насілі абутак з чырвонай кордаўскай скуры, афарбаванай спецыяльным саставам, атрыманым з марскіх малюскаў. Убачыўшы такія чаравікі, кожны разумеў: перад ім – цар! Але не толькі каралі любілі модзіцца…

Брылькоўскія хлопцы нават у пасляваенны час імкнуліся апранацца прыгожа. Тут і прыходзіў на дапамогу здольны абутнік-самавук Аляксандр Ануфрыевіч. У пашытых ім ботах і на танцах паказацца было не сорамна.

Але на сваю рызыку займацца спадцішка вырабам абутку заахвоціла зусім не іскра “мадэльера”, а вялікая галеча. Пасля вайны іх сям’я, застаўшыся без бацькі, цярпела няшчымніцу. Пяцёра дзяцей з цяжкасцю ўзбіваліся на свой хлеб. Адзін з братоў вярнуўся з нямецкага лагера, дзе прымусова працаваў на гарбарным заводзе. Ён і навучыў шаснаццацігадовага Аляксандра чаравічнаму мастацтву.

На аселіцы, далей ад чужых вачэй, кемлівыя браты наладзілі саматужную вытворчасць па дубленні скурак. Затым налаўчыліся шыць для мясцовых франтаў і боты, якія сваёй дабротнасцю і зграбнасцю не саступалі завадскім. Праўда, абутак той быў злёгку каляным, бо мяккай тонкай хромавай скуры не мелі. На выраб адной пары ботаў ішло два тыдні.  У “гарбарную майстэрню” братоў сыпаліся заказы не толькі па пашыву, але і па рамонце абутку.

Дзякуючы такой карыснай справе, Аляксандр Пракопчык назбіраў капейчыну і здолеў купіць каня, пачаў апрацоўваць уласную зямельку, кіруючыся простай сялянскай мудрасцю: пільнуй гаспадаркі – будуць у гаршку скваркі. Тады і зажылося вальней.

Аляксандр Ануфрыевіч шмат дзе працаваў: быў шафёрам, грузчыкам, кладаўшчыком. Дзясяткі гадоў паспяхова займаўся пчалярствам. Авалодаў і сталярнай справай: да гэтага часу ў хаце спраўна служаць адмысловыя стол і табурэткі, зробленыя ўмелымі рукамі майстра-самавука.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий