ХОЧАЦЦА ЧЫСЦІНІ, ДЫ ЛЯНОТА ШКОДЗІЦЬ…

Общество

Прыйшла пара, паважаныя чытачы, паразважаць пра правядзенне парадку на зямлі. Ідзе месячнік барацьбы з неахайнасцю, прызначаны надаць хараство нашым населеным пунктам. Падразумяваецца, у такі час кожны адказны грамадзянін адкладзе ў бок другасныя клопаты і ўвальецца ў агульную справу, прызначаную зрабіць нашыя дамы і двары чысцейшымі, а знешні воблік горада, вёскі – прыгажэйшым. Ды толькі на справе атрымліваецца інакш…

За прыклад возьмем нядаўні раённы суботнік у самім Валожыне. Можна ўявіць, як было прыкра яго арганізатарам і тым людзям, якія выйшлі ў той дзень працаваць, калі на абвесткі аб правядзенні адгукнуліся жыхары… ўсяго толькі чатырох шматпавярховак! Што не пусціла далучыцца да суботніка астатніх? Зразумела, у кагосьці, сапраўды, былі тэрміновыя справы, хтосьці ездзіў наводзіць чысціню на вясковых бацькоўскіх падворках і так далей. Але ж такіх – дзясяткі з тысяч… Сорамна, спадары валожынцы! Сорамна чакаць, што нехта іншы будзе ўбіраць вашыя двары і падворкі, прыдамавыя тэрыторыі ў той час, як вы самі не прыкладаеце намаганняў для падтрымання тут належнага парадку.

Двары жылых масіваў, фактычна, адно з найменш праблемных месцаў у агульнай карціне добраўпарадкавання раённага цэнтра. Варта ад’ехацца, напрыклад, з вуліцы Зялёнай да газаразмеркавальнай станцыі, як упіраешся ў чарговы несанкцыянаваны сметнік. Спробы яго ліквідаваць службы жылкамунгаса прадпрымаюць пастаянна. І ўсё адно гэтае месца захламляецца рэшткамі расліннасці, бытавымі адходамі і іншымі адслужыўшымі свой тэрмін рэчамі. Чаму так адбываецца? Не трэба быць выдатным псіхолагам, каб адсачыць ход думкі асобных “гаспадароў”. Некаторым куды больш зручнай падаецца ідэя выкінуць непатрэбны хлам пад бліжэйшы куст, чым дачакацца прыезду смеццявоза. Маўляў, “горай не стане: не я ж першы выкінуў сюды гэтае ламачча-цыраты-бляшанкі, не я і апошні”. А ў выніку такіх разваг сметнік зноў пачынае расці… Шаноўныя! Пакуль самі не зразумеем, што толькі ад нас залежыць чысціня і парадак наўкола, не ўцямяць гэту элементарную выснову суседзі, блізкія, знаёмыя, воз праблем з месца не скранецца.

Яшчэ адно месца, дзе побач з зелянінай дрэў месцяцца ачагі неахайнасці – гаспадарчы сад. Трэба звярнуць увагу на два асноўныя аспекты, якія не даюць ажыццявіць імкненне раз і назаўсёды навесці тут парадак. Першы – частыя, можна сказаць, штотыднёвыя адпачынкі на прыродзе, якія ладзяць у садзе жыхары горада і яго госці. Гэта асноўная “крыніца паступлення” шкляной і пластыкавай тары, рэшткаў самадзейных пікнікоў. Дзе-нідзе гэткага “дабра” – горы. Каб своечасова ліквідоўваць іх, рашэннем райвыканкама за адпаведнай тэрыторыяй замацаваны калектывы пэўных прадпрыемстваў і арганізацый горада. І вось тут узнікае другі аспект. Гэтыя ўборкі праходзяць няўзгоднена, у розныя дні. А таму бываюць не зусім сумленнымі. Ідзе, для прыкладу, чалавек – і што падбярэ, а што і скіне са свайго рада на суседні, замацаваны за іншым калектывам. Вось і пачынаецца такі “перагон” смецця з месца на месца, але ніяк не за ваколіцы сада. Не трэба старацца наладзіць работу за чужы кошт, паважаныя, бо інакш ёй канца-краю не будзе! А першапрычыне – тым людзям, хто старанна гэту самую работу паддае, варта было б знайсці ў душы хоць кроплю сумлення і адвесці трохі сіл і намаганняў, каб хаця б прыбраць за сабой…

Ёсць праблемы і ў гаражным кааператыве. Я спецыяльна сфатаграфаваў адно з месцаў, куды аўтаўладальнікі не першы дзень ссоўваюць старыя дэталі, элементы корпусаў аўтамабіляў, рознае іншае ламачча. Што цікава, знаходзіцца гэты сметнік за дваццаць метраў ад афіцыйна пастаўленых кантэйнераў, якія абслугоўвае жылкамунгас. Не сорамна, сябры? Дарэчы, у вашым кааператыве таксама трэба правесці суботнік. Вялікая просьба не праігнараваць гэту падзею, абвесткі будуць наклеены ў бліжэйшы час. Тым больш, што і патрабаванняў усяго нічога: проста падчысціць тэрыторыю каля свайго гаража.

Сяргей САДОЎСКІ.

P.S. У завяршэнне гэтага матэрыялу хацелася б прывесці просьбу спецыялістаў, якія абслугоўваюць гарадскія ачышчальныя сістэмы. Паважаныя грамадзяне, не блытайце, калі ласка, каналізацыю са смеццевай урнай! Вельмі часта на выхадах з дамоў каналы бываюць шчыльна забітымі рознымі рэчамі, сярод якіх нядаўна сантэхнічныя работнікі, адпрацоўваючы аварыйны выклік, акрамя рубероіда, кавалкаў тынкоўкі, поліэтылена і інш. знайшлі… старую мужчынскую шапку! Для ўтылізацыі непатрэбных рэчаў даўно прыдуманы іншыя спосабы. Давайце, нарэшце, і ў гэтым пытанні далучымся да цывілізаванага свету.

 



Добавить комментарий