ЯЕ ЛЮБОЎ НЕ ВЕДАЕ МЕЖАЎ…

Официально

Маці не належыць самой сабе. Яе сэрца аддадзена на алтар любові і самаахвярнасці. Нават імя ўскосна ў яе няма: для дзяцей яна проста – Мама. Аднак, якое імя на гэтай зямлі можа быць больш прэстыжным, больш дарагім, чым такое таямнічае, Богам дадзенае – мама?..

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае той, што нам дала жыццё, прайшло 14 кастрычніка на сцэне РЦК. У зале з усіх куткоў раёна сабраліся жанчыны самых розных прафесій і ўзростаў, аб’яднала іх галоўная высакародная місія на зямлі – быць мамай. Дарэчы, Дзень Маці ў нашай краіне святкуецца на дзяржаўным узроўні ўжо 15 гадоў.

Першым да “віноўніц” урачыстасці з віншавальным словам звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік. Затым на святочную сцэну для ўрачыстага ўшаноўвання запрасілі некалькіх шматдзетных маці. Іх у нашым раёне – 404. Ордэна Маці ўдастоены 66 з іх, якія нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей. Напрыклад, Яўгенія Уладзіміраўна Барахоўская з Багданава, якая працавала лабарантам у Багданаўскай сярэдняй школе, нарадзіла і выхавала 10 дзяцей! У Таццяны Іванаўны Каранік з Подберазі – восем дзетак. Марыю Вікенцьеўну Богдан з вёскі Паморшчына Ракаўскага сельсавета радуюць сямёра дзяцей. Павіншавала і ўручыла падарункі матулям-гераіням старшыня раённага Савета грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Зоя Мікалаеўна Дубіна.

Удзячныя і шчырыя словы ў свой адрас пачулі і матулі, чые сем’і называюцца апякунскімі. Дзевяць родных дзяцей у Марыі Іосіфаўны

.

Русецкай з Ракава. Аднак нездарма самае чулае сэрца – мацярынскае: гэта самаадданая жанчына выхавала яшчэ і траіх прыёмных дзетак, навучыўшы іх быць адказнымі, працавітымі і добрасумленнымі. За дабрыню і спагаду апякунскім сем’ям падзякавала дырэктар Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Фадзееўна Рай.

За 9 месяцаў бягучага года ў раёне нарадзілася 268 дзяцей. Радасць мацярынства зведалі 4 жанчыны ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў. 7 жанчын нарадзілі ва ўзросце да 18 гадоў. 108 жанчын з нашага раёна, якія нарадзілі ў гэтым годзе, святкавалі Дзень Маці ўпершыню. Дарэчы, у мінулым годзе ў краіне быў адзначаны самы высокі паказчык нараджальнасці за апошняе дзесяцігоддзе – у Беларусі на свет з’явілася 116 тысяч немаўлят.

Запрошаных на ўрачыстасць вітаў і галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Яраслаў Аляксандравіч Мянцюк. Ён падзяліўся з прысутнымі прыемнай навіной: напярэдадні гэтага свята Святлана Кеўра з вёскі Дзесятнікі, якая працуе ў Валожынскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі,  нарадзіла дзяўчынку. Святлана і стала самай маладой маці раёна.

На свяце падвялі вынікі раённай акцыі “Здаровая сям’я”, якая была заклікана павысіць духоўна-маральны патэнцыял сям’і і сфарміраваць пазітыўную ўстаноўку на здаровы лад жыцця. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч назваў пераможцаў гэтай акцыі. Лепшымі сямейнымі парамі раёна сталі Павел і Наталля Дрожжы, якія прадстаўлялі цэнтральную бальніцу, а таксама Аляксандр і Алена Санюковічы, што выступалі ад філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”.

.

Цёплыя, удзячныя словы ў адрас жанчын, якія з поспехам навучыліся сумяшчаць працу і выхаванне дзяцей, гучалі і ад кіраўнікоў гаспадарак, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Старанных і адказных работніц павіншавалі прадстаўнікі адміністрацыі ААТ “Белтрубаправодбуд”, валожынскага льнокамбіната, філіяла Цэнтра банкаўскіх паслуг, райспажыўтаварыства, ДУП меліяратыўных сістэм “Валожынскае ПМС”, раённага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва, РУП “Валожынскі жылкамунгас”, філіяла ДП “Мінаблпаліва”, райаграпрамтэхнікі, лясгаса. Матуль-працаўніц, многія з якіх – шматдзетныя, ушанавалі кіраўнікі і намеснікі па ідэалагічнай рабоце КСУП “Сугвазды-Агра”, ААТ “Багданаўскае”, КСУП “Падбярэззе”, ААТ “Агра-Дубінское”, ААТ “Суднікоўскі”. Словы падзякі жанчынам, якія працуюць у сельскай гаспадарцы гучалі асабліва ўзнёсла напярэдадні 15 кастрычніка, калі адзначаўся Сусветны дзень сельскіх жанчын.

Словы ўдзячнасці былі адрасаваны і маці, якія творча працуюць у сферы культуры і адукацыі раёна.

Святочнае мерапрыемства доўжылася больш за дзве гадзіны. Усе запрошаныя на імпрэзу жанчыны-маці атрымалі не толькі букеты і каштоўныя падарункі, але і змаглі ў той дзень адпачыць ад штодзённай мітусні.

Афіцыйную частку ўрачыстасці ўпрыгожылі музычныя нумары салістаў і творчых калектываў работнікаў культуры, дзіцячай узорнай студыі эстраднай песні “Праменьчыкі”, народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” і іншых таленавітых артыстаў раёна.

Такая адметная ўрачыстасць, як і імяніны, ладзіцца толькі раз у год. Але, згадзіцеся, “мацярынскім” можна лічыць кожны дзень, бо клапатлівая маці – гэта прафесія, дзе няма водпуску і выхадных.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *