ПАДВЯЛА ПЕЧ… ДЫ ЗАЛІШНЯЯ БЯСПЕКА

Закон и порядок

Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Валожынскага РАНС прыняў паведамленне аб пажары ў жылым доме ў вёсцы Леснікі. Адразу ж туды былі накіраваны чатыры аўтацыстэрны з Дораў, Валожына і пасёлка Беразінскае Маладзечанскага раёна.

Па прыбыцці да месца здарэння перад выратавальнікамі адкрылася нярадасная карціна: агонь знішчыў дах, дом выгараў знутры. Як высветлілася, прычынай няшчасця паслужыла парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога абсталявання…

Гаспадыня дома жыве ў Мінску. У той злапамятны дзень на дачу прыехала адпачыць яе дачка з сябрамі. Па словах маладых людзей, у хаце было вельмі холадна, таму яны выкарысталі электрычны абагравальнік. Аднак некалькі разоў спрацавалі аўтаматычныя засцерагальнікі. Сябрам надакучылі гэтыя збоі, і яны вырашылі сагрэцца “дзядоўскім” спосабам – напаліць печ. Дровы падкладалі часта, бо печка не жадала награвацца. Каля 5 гадзін раніцы ўсе ляглі спаць. Прачнуліся хутка – ад паху дыму. Дровы ў печы працягвалі гарэць. Праветрылі памяшканне, праверылі гарышча на прадмет задымлення, аднак нічога падазронага так і не выявілі. Праўда, дым у хаце так і заставаўся. Яшчэ некалькі разоў агледзеўшы дом, маладыя людзі паехалі назад у сталіцу. А праз дзве гадзіны у цэнтр аператыўнага кіравання патэлефанавала суседка і паведаміла пра пажар. На шчасце, ад агню ніхто не пацярпеў.

Паважаныя жыхары Валожыншчыны! Пачынаецца ацяпляльны сезон і захаванне самых простых правілаў пажарнай бяспекі дапаможа вам перазімаваць у цеплыні роднай хаты. Будзьце пільныя з агнём!

Па статыстычных дадзеных, як толькі пачынае халадаць, выратавальнікі адразу фіксуюць павелічэнне колькасці так званых «пячных» пажараў. Для таго, каб без праблем грэцца, печ павінна быць перш за ўсё правільна складзена. Але добрага печніка знайсці складана, не ва ўсіх ёсць магчымасць і жаданне своечасова адрамантаваць печ, ды і цвёрдая ўпэўненасць гаспадароў прыватных дамоў у тым, што «яшчэ адну зіму без пытанняў перазімуюць», прыводзіць да вельмі сумных наступстваў. Варта звярнуць увагу на паддашкавыя памяшканні, бо там прычын для ўзгарання дастаткова: падлога гарышча часта ўцеплена пілавіннем або саломай, там гадамі захоўваецца бытавы хлам, старыя рэчы і кнігі, нават мэбля. І побач з усім гэтым – комін. У лепшым выпадку – атынкаваны і пабелены, але часцей – з трэшчынамі і расколінамі. Дастаткова найменшай іскры і… папялішча замест дома.

Каб папярэдзіць пажары, трэба выконваць меры перасцярогі і выконваць правілы пажарнай бяспекі. Нельга дапускаць эксплуатацыю няспраўных печаў, ужываць для распальвання лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці, выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі. Не варта пакідаць печы без нагляду і з адкрытымі дзверцамі, а таксама даручаць нагляд за імі дзецям. Катэгарычна забараняецца сушыць і складзіраваць на печах і на адлегласці менш за 1,25 метра ад топачных адтулін паліва, адзенне і іншыя гаручыя рэчывы і матэрыялы. Перад топкай да падлогі павінен быць прыбіты металічны ліст памерам 50х70 сантыметраў. Скончыць паліць печ неабходна не менш, чым за дзве гадзіны да адыходу да сну. Паклапаціцеся і пра стан трубаў, комінаў. На гарышчах яны павінны быць пабелены. Коміны павінны ачышчацца ад сажы не радзей за адзін раз у два месяцы на працягу ацяпляльнага сезона.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *