У ЛІСТАПАДАХ МУЗЫКА ІГРАЛА…

Культура

Свята любімай вёскі адзначылі жыхары Лістападаў. Паўдзельнічаць ва ўрачыстасці прыехалі і тыя, хто зараз жыве ў гарадах. Нягледзячы на неспрыяльнае для гуляння надвор’е, тут панавалі радасць і цудоўны настрой.

Каб усё прайшло на такой аптымістычнай ноце, пастараліся старшыня Гародзькаўскага сельвыканкама Ганна Францаўна Садоўская і стараста вёскі Лістапады Ніна Аляксандраўна Макей, якая амаль 40 гадоў працавала настаўніцай і карыстаецца асаблівай павагай у людзей. За мастацкую частку свята адказвалі ўдзельніцы фальклорнага гурта «Хата» Гародзькаўскага сельскага Дома культуры, загадчыца гэтай установы Алена Іванаўна Бартош, выкладчыкі Гародзькаўскай школы мастацтваў, а таксама школьніцы Каця Бартош, якая выступіла ў ролі вядучай, і цудоўная спявачка, адзінаццацікласніца Яна Лабэцкая.

Падарункі ў той дзень атрымалі многія: сям’я Ніны Іосіфаўны і Івана Вікенцьевіча Марзакоў – іх падворак быў прызнаны лепшым па добраўпарадкаванні; старэйшыя жыхары Марыя Вікенцьеўна Канановіч, якая нарадзілася ў 1904 годзе; Любоў Міхайлаўна Бартош 1924 года нараджэння; трое вяскоўцаў, дзень нараджэння якіх амаль што супаў з днём свята вёскі; таксама маладая сям’я Віталя і Юліі Мецяньканічаў. У гэтай сям’і выхоўваюцца двое дзетак, іх сынок Ягорка – самы юны лістападавец, яго таксама чакаў сюрпрыз – плюшавы мядзведзік.

Не забыліся ўшанаваць на свяце і ветэранаў працы, былых хлебаробаў Станіслава Самуілавіча Станкевіча, Івана Паўлавіча Станкевіча і Леаніда Фёдаравіча Валкановіча.

Потым Галіна Паўлаўна Макей запрасіла суседзяў і гасцей урачыстасці да сябе ў хату, каб паказаць выставу вышываных работ. Зараз талентам дасціпнай жанчыны зацікавіліся нават культработнікі з райцэнтра.

…Той восеньскі дзень з радасцю ўспомняць вяскоўцы доўгімі зімовымі вечарамі. Магчыма, з’явяцца ў іх і новыя ідэі па добраўпарадкаванні і новыя захапленні.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *