КАБ НЕ ПАРВАЛАСЯ НІТАЧКА ПАМЯЦІ

Культура

Прайшла вясна, прайшло лета, на зыходзе кастрычнік. Была магчымасць засеяць збожжавыя, пасадзіць гародніну і, нарэшце, сабраць ураджай з палёў, агародаў, садоў. Перад халадамі і замаразкамі зямелька-карміцелька адыходзіць на адпачынак, каб на будучы год зноў парадаваць і пракарміць усіх, хто жыве на ёй.

Яшчэ з глыбокай старажытнасці нашы продкі славяне-язычнікі зазначылі, што надышоў час успомніць прашчураў.

Яны верылі, што душа, пакінуўшы цела, патрабуе пашаны ад жывых. Таму ў вызначаны час спраўлялі адпаведны абрад: прыводзілі ў парадак месца пахавання, рыхтавалі памінальную вячэру, выклікалі душы памерлых і маліліся за іх. Так узнікла свята Дзяды.

Гэтае свята захавалася да нашых дзён, і іх значна больш у хрысціян-беларусаў. Самымі галоўнымі Дзядамі лічацца асеннія: праваслаўныя адзначаюць Змітраўскую памінальную суботу і першую суботу перад восьмым лістападам, а таксама памінаюць памерлых на Радаўніцу; католікі – першага і другога лістапада. На Асяніны ставяцца на стол рытуальныя стравы (іх павінна быць няцотная колькасць): куцця, клёцкі, бліны, мяса, яечня…

Але самае галоўнае на гэтых святах – малітва, якая звязвае памерлых з жывымі і дапамагае душам знайсці супакой. Таму ў хрысціян усталявалася добрая традыцыя: адпяваць нябожчыкаў. Мае бацькі пражылі амаль увесь 20-ы век (ад 1901-га па 1991-ы год), яны ўдзельнічалі амаль у кожным пахаванні ў сваёй вёсцы і наваколлі.  Маю маці Бог надзяліў цудоўным голасам, з сваіх дзевяноста пражытых гадоў шэсцьдзясят праспявала па памерлых. Пеўчых (так называюць тых, хто спявае малітвы па памерлых) у нашай вёсцы было 6-8 чалавек. Раней у сельскай мясцовасці людзей было нашмат больш, таму, здаралася, і некалькі  зараз пахаванняў, тады пеўчыя раздзяляліся на групы і стараліся ўсіх адпець, у любую пару года, моцна былі заняты ці не, незалежна да якой канфесіі належыў памерлы. Ніколі нікому не адказаўшы, спраўлялі гэты важны хрысціянскі абавязак без якой-небудзь карысці для сябе – была ахвяра Богу і людзям.

Прыблізна да 50-ых гг. мінулага стагоддзя пры такіх абрадах моцна трымаліся старых традыцый, і адна з іх – на пахавальных  і памінальных сталах забаранялася ўжываць спіртныя напоі. Калі ж хто гэтую традыцыю парушаў, ставіў на стол віно ці водку, аб гэтым гаварылі як аб вельмі ганебнай справе.

У другой палове 20-га стагоддзя карэнным чынам адбыліся змены: пры правядзенні гэтых абрадаў сталі ўжываць алкаголь. Дык добра, калі яшчэ ўмеру. Помню такі выпадак, калі ў адной вёсцы (па зразумелай прычыне не скажу ў якой) у 70-ых гг. на пахаванні адзін малады чалавек памёр за сталом  ад гарэлкі. Яшчэ прыклад: аднойчы мой сусед хваліўся, што, ідучы на магілку да бацькі свайго, не забыў узяць пляшку гарэлкі і першую поўную чарку ён перакуліў на магілу са словамі: “Гэта табе, бацька”. Ведаю яшчэ не адно падобнае ганебнае здарэнне, якое варта асуджэння, але няхай ім даруе Бог – яны не ведалі, што робілі.

На пачатку 90-ых гг., дзякуючы святарам, прыпыніліся п’янкі. І сёння толькі зрэдзь можна ўбачыць на могілках паднятую чарку “за ўпакой” ды і “цвярозых” пахавальных вячэр стала больш.

Так, хаваць памерлых і памінаць сваіх продкаў трэба годна і з пашанай, з Божым словам і малітвай – толькі тады не парвецца нітачка памяці паміж пакаленнямі.

Эдвард ДОВАЛЬ,

жыхар вёскі Запур’е.

 



Добавить комментарий