Общество

З пачатку года да першага кастрычніка ў раёне зарэгістравана 232 шлюбы, з іх у раённым аддзеле ЗАГСа – 111. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у мужчын – 29 гадоў, у жанчын – 27. 7 нявест выйшлі замуж да 18 гадоў. Зарэгістраваны два жаніхі, якім толькі споўнілася 18. Афіцыйна звязалі сябе вузамі Гіменея 9 мужчын і 6 жанчын, узрост якіх ад 56 і больш за 60 гадоў.

 

На гастрольным туры ў Пскове з 18 па 22 кастрычніка па афіцыйным запрашэнні абласной філармоніі гэтага расійскага горада пабываў народны інструментальны ансамбль “Ars Longa” з Ракаўскай музычнай школы. Нашы таленавітыя землякі ўдзельнічалі ў конкурсе выканаўцаў на шматструнных інструментах.

А заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” з Ракава ў гэты ж перыяд таксама выступаў перад замежнай публікай на фестывалі фальклорных калектываў у Сабінаве (Славакія). У гэтым прэстыжным мерапрыемстве прымалі ўдзел творчыя калектывы з  многіх краін, якія прапагандуюць традыцыйны фальклор.

Акрамя сцэнічнай праграмы, для гасцей былі запланаваны экскурсіі ў Будапешт, Вену, горы Высокія Татры.

 

Работнікі Івянецкага аддзялення паштовай сувязі дастаўляюць сваім падпісчыкам каля 2 тысяч розных перыядычных выданняў. Асноўная доля абанентаў жыве ў Івянцы, але і вяскоўцы таксама актыўна папаўняюць чытацкую аўдыторыю. Найбольшага вытворчага паказчыка ў гэтай падпісной кампаніі дасягнулі паштальёны А. Ф. Юхневіч, Т. У. Аляшэвіч, В. В. Кужоўнік, Н. М. Дзенісевіч і іншыя.

 

З 21-га па 30 кастрычніка ў раёне праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя “Стань больш прыметным у цемнаце!” Не толькі на дарогах, але і ва ўстановах адукацыі, працоўных калектывах раённае аддзяленне ДАІ ў рамках акцыі арганізавала інфармацыйна-растлумачальную работу аб неабходнасці выкарыстання святлоадбівальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці. У цёмны час сутак у краіне адбываецца каля 45 % дарожна-транспартных здарэнняў, таму для прадухілення траўміравання і гібелі людзей правяраецца таксама эфектыўнасць ліхтарнага асвятлення дарог і вуліц населеных пунктаў раёна.

 



Добавить комментарий