Общество

За 9 месяцаў бягучага года ў раёне нарадзілася 268 дзяцей. З іх 35 – у Івянцы, 40 – у Ракаве. Сярод немаўлят – 147 хлопчыкаў і 121 дзяўчынка.  Дзве сям’і папоўніліся двайнятамі.

Нядаўна ў аддзеле ЗАГСа ўрачыста зарэгістравалі 100-га маленькага жыхара райцэнтра, які з’явіўся на свет акурат напярэдадні Дня Маці ў радзільным аддзяленні Валожынскай райбальніцы.

Шчаслівыя бацькі Святлана і Васіль КЕЎРЫ назвалі малышку Ксеніяй. Нованароджаная дзяўчынка стала першым дзіцяткам у гэтай маладой сям’і. Аднак маці дзяўчынкі – кіраўнік аднаго з мастацкіх гурткоў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – шчыра прызналася: марыць, каб дачушка гадавалася не адна і каб сям’я іх атрымала ў будучым пачэсны тытул шматдзетнай. Бо яна пераканана, што вялікая сям’я, нягледзячы на ўсе тыповыя бытавыя, фінансавыя цяжкасці, усё ж не дазваляе дзецям вырасці эгаістамі, самалюбівымі людзьмі, наадварот, такая сям’я фарміруе калектывізм, жаданне клапаціцца пра іншага, вучыць міласэрнасці.

Падчас урачыстай рэгістрацыі Ксеніі Кеўры загадчыца аддзела ЗАГСА Тамара Уладзіміраўна Яныш у дадатак да цёплых, добразычлівых слоў віншаванняў уручыла шчаслівым бацькам гісторыка-дакументальную хроніку “Памяць” і буклет-даведнік сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Валожынскага раёна, а таксама тэкст Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. Яна пажадала, каб сям’я Кеўра праз год зноў завітала ў ЗАГС для рэгістрацыі малюткі-сыночка.

Тэкст і фота

Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий