“САЛАМЯНЫ ПАВУК” – свята-конкурс, якое адбудзецца 27 кастрычніка ў раённым Цэнтры культуры

Общество

Яшчэ не так даўно практычна ў кожнай сялянскай хаце можна было бачыць “павука”- ажурную канструкцыю з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці над сталом. У старажытнасці такі выраб, відаць, выконваў нейкую магічную функцыю і адначасова ўпрыгожваў інтэр’ер народнага жылля. У патоках цёплага паветра, якое ўздымалася ад ежы на стале, павук паволі паварочваўся то ў адзін, то ў другі бок, пабліскваючы залацістымі саломінкамі ў сонечных праменнях.

Абрадавая функцыя павукоў даўно забылася, а вось мастацкае жыве і сёння. Ажурную саламяную канструкцыю можна бачыць у гарадской  кватэры ці ў грамадскім інтэр’еры.

У Валожынскім раёне стала добрай традыцыяй правядзенне свята-конкурсу “Саламяны павук”. У трэці раз збяруцца майстры вырабу саламяных павукоў з 11 раёнаў Мінскай вобласці: Барысаўскага, Крупскага, Бярэзінскага, Мінскага, Мядзельскага, Чэрвеньскага, Салігорскага, Слуцкага, Стаўбцоўскага, Нясвіжскага і Валожынскага. Больш за 40 умельцаў будуць спаборнічаць у вырабе павукоў рознай канструкцыі.

Валожынцы маюць магчымасць пабачыць не толькі як ствараюцца работы, але і пазнаёміцца з калекцыяй дамашніх работ удзельнікаў свята.

Таццяна ЛАНЬКО.

 



Добавить комментарий