ВЕРНІСАЖ ДЛЯ ЗЕМЛЯКОЎ

Культура

Пяць жывапісных палотнаў, прасякнутых журботнай паэтычнасцю, філасофіяй і экспрэсіяй, упрыгожылі сцены Валожынскай дзіцячай бібліятэкі. Аўтар работ – мастак, майстар лірычнага пейзажу і партрэта – Алесь Квяткоўскі, які родам з нашага райцэнтра.

…Карціны ў бібліятэцы з’явіліся нездарма. Больш за дваццаць гадоў Алесь Адамавіч працаваў з дзецьмі, кіруючы студыяй выяўленчага

.

мастацтва і студыяй “Квецень” пры Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў у Мінску. Каб умацоўвалася сувязь пакаленняў, каб не парвалася знітаванасць з роднай зямлёй, пазнаёміць са сваёй творчасцю ён вырашыў і моладзь Валожыншчыны.

Дзве работы – “Калода” і “Граждан з Сабакам…” – мастак напісаў пад уражаннем вершаў і прозы свайго сябра, таксама нашага земляка, вядомага паэта Віктара Шніпа.

“Пчалінае ўзнясенне” прысвечана паэту Анатолю Сысу. Работы “Імкненне” і “Стары Улас” напоўнены мяккай лірычнасцю і філасофскім зместам.

Выставы карцін Алеся Квяткоўскага ладзяцца па ўсёй Беларусі. Шмат работ аўтара набываюць у свае калекцыі аматары жывапісу з-за мяжы.

Зараз Алесь Адамавіч выкладае на архітэктурным факультэце БНТУ ў сталіцы. Але ў вольны час па-ранейшаму захоплена працуе ў майстэрні.

Жывапісныя палотны ў дзіцячай бібліятэцы будуць знаходзіцца прыблізна з год, затым мастак заменіць іх новымі творамі.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий