ЯШЧЭ РАЗ ПРА АЛКАГАЛІЗМ

Общество

Праблема п’янства і алкагалізму застаецца адной з сацыяльна значных і надзённых. Гэта негатыўная з’ява ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу стабільнасці і развіццю грамадства, здароўю і дабрабыту нацыі.

Алкагалізм – адзін з галоўных разбуральнікаў здароўя. Пра гэта чалавецтва ведала даўно. Геніяльны вучоны Старажытнай Грэцыі Арыстоцель гаварыў: “П’янства – гэта свядомае і дабравольнае вар’яцтва”.

Любыя алкагольныя напіткі згубна дзейнічаюць на  жыццёва важныя органы: печань, сардэчна-сасудзістую, нервовую сістэмы і асабліва галаўны мозг. Ужыванне алкагольных напояў правакуе развіццё гастрыту, язвы; выклікае ўзмоцненую працу нырак; павышае згусанне крыві і  прыводзіць да тромбаў, што ўзмацняе кіслароднае галаданне клетак мозга; выклікае эндакрынныя парушэнні; павышае раздражняльнасць, агрэсіўнасць, рэзка зніжаецца памяць. Узрастае колькасць няшчасных выпадкаў, траўм, самазабойстваў. У 18 разоў павялічваецца рызыка з’яўлення рака гартані, у п’яніц-бацькоў часта нараджаюцца непаўнацэнныя дзеці. Аматары зялёнага змея жывуць на 15-20 гадоў менш, чым прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Алкаголь  «праглынае» чалавека, губіць асобу, прыносіць бяду ў сям’ю – памятайце пра гэта!

У Валожынскай ЦРБ  за 2013 год знята з дыспансернага ўліку з прычыны смерці 9 чалавек, а ў 2012 годзе – 8 чалавек. У наркалагічным кабінеце ўсё больш і больш людзей, якія стаяць на дыспансерным і прафілактычным уліку. Расце колькасць асоб, якія праходзяць прымусовае лячэнне ад алкагалізму па судовых рашэннях. Не змяншаецца колькасць грамадзян, якія прыходзяць у паліклініку ў нецвярозым стане, каб прайсці медыцынскую камісію для ўладкавання на працу. Расце колькасць сударажных сіндромаў, колькасць псіхічных расстройстваў, звязаных з ужываннем алкаголю; колькасць хворых, якія знаходзяцца ў рэанімацыйным, неўралагічным, хірургічным, тэрапеўтычным, інфекцыйным аддзяленнях.

Трывогу выклікае магчымасць развіцця алкагольнай залежнасці ў дзяцей, таму раю бацькам наступнае: будзьце ўважлівымі слухачамі. Часта дзіця гаворыць такія рэчы, на якія трэба адразу звярнуць увагу і пачаць дзейнічаць. Дайце яму зразумець, што ўжыванне алкаголю недапушчальна. Дапамажыце падлетку справіцца з негатыўным уздзеяннем яго акружэння. Пазнаёмцеся з яго сябрамі, падтрымлівайце з імі адносіны. Ведайце яго месцазнаходжанне, будзьце ў курсе яго захапленняў, вядзіце з дзіцем адкрыты і чэсны дыялог, устанаўлівайце правілы і межы, навучайце самастойна спраўляцца са стрэсамі. Дзейнічаць трэба гібка, адной забаронай праблему не вырашыш. А калі яна ўзнікла, не панікуйце, абавязкова звяртайцеся да спецыялістаў.

На базе наркалагічнага кабінета Валожынскай ЦРБ праводзіцца ананімная кансультацыя дарослых і падлеткаў. Мы рады дапамагчы тым, хто выявіў у сябе трывожныя сімптомы страшнага захворвання.

Сяргей Сабалеўскі,

урач-нарколог райпаліклінікі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *