ЗА ГОНАР ЛЕПШЫМІ БЫЦЬ…

Спорт

У Валожыне прайшоў раённы восеньскі лёгкаатлетычны крос сярод школьнікаў.

Удзел у ім прынялі 17 каманд. Хлопчыкі і дзяўчынкі розных узроставых груп, прадстаўляючы гонар сваіх навучальных устаноў, спаборнічалі і за права звацца лепшымі ў асабістых заліках.

У першым забегу, арганізаваным для прадстаўнікоў узроставай групы 2001 года нараджэння і маладзейшых, удача ў асабістым першынстве сярод дзяўчынак усміхнулася вучаніцы з Сівіцкай базавай школы-сада Лізавеце Каранік, івянчанцы Аліне Чышэвіч і Анастасіі Стахевіч з Ракава. Яны занялі 1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна. Сярод спартсменаў-хлопчыкаў вызначыліся прадстаўнік Івянецкай сярэдняй школы Яўген Мойса, Віталь Садорва з СШ № 2 Валожына і Максім Шніп з Пугачоў.

Легкаатлетычны крос выявіў лепшых і ва ўзроставай групе 1999-2000 гадоў нараджэння. Золата спаборніцтваў па праву заваявалі юная івянчанка Марына Бубен і Ігар Шут з Сівіцы, сярэбранымі прызёрамі сталі Дзіяна Сакалоўская з Івянецкай сярэдняй школы і ракаўчанін Ілля Сыцько. Трэцюю прыступку п’едэстала гонару занялі прадстаўніца Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Ганна Журовіч і вучань Сівіцкай базавай школы-сада Арцём Чупрыс.

Сярод старэйшых школьнікаў у асабістым першынстве выдатныя вынікі паказалі спартсмены-івянчане Сняжана Бурачэўская і Уладзіслаў Лямбовіч, серабро спаборніцтваў дасталося іх землякам Надзеі Чупрыс і Андрэю Лушчэўскаму. З трэцім вынікам скончылі забег івянчанка Кацярына Альхімовіч і Андрэй Гомаль з Суднікаў.

Пры падвядзенні вынікаў кросу сталі вядомы і пераможцы ў агульнакамандным заліку. Першае месца суддзі аддалі камандзе з Івянца, другое – суднікаўскім школьнікам, замкнула тройку лідараў каманда Пугачоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий