Службіст у добрым сэнсе слова

Общество

Сёння цяжка ўявіць нашу цэнтральную аптэку без яе загадчыцы – Людмілы Карлаўны ЦІШУК. У службовым кабінеце гэту жанчыну застаць цяжка, лягчэй – за прылаўкам, дзе яна не толькі дапамагае сваім работнікам адпускаць лякарствы, але адначасова дае слушныя парады-кансультацыі наведвальнікам. Яна кампетэнтны фармацэўт і надзвычай цікавы чалавек. Размова ў гасцёўні – спроба паказаць вядомага чалавека з іншага боку, адкрыць невядомыя грані яе асобы.

– Людміла Карлаўна, адкуль Вашы вытокі?
– Нарадзілася я ў старажытным Навагрудку. Гэта зафіксавана дакументальна, а ў памяці нічога не засталося. Пазней, па размеркаванню, мама прыехала ў Івянец у дзіцячы касцёватуберкулёзны санаторый, які там існаваў у тыя гады. Так што ў дзіцячы сад я пайшла ўжо ў Івянцы. Ён да гэтага часу застаўся любімым месцам на зямлі, імкнуся бываць там максімальна часта.
– Самыя яркія ўспаміны дзяцінства?
– Іх дастаткова. Успамінаецца, як да валёнак прыкручвалі канькі і насіліся па вуліцах. Не чакалі, пакуль нехта для нас залье каток. Ад таго, што не сядзелі суткамі ля камп’ютэраў, як цяперашняя моладзь, былі здаравейшыя. Увогуле, аўтарытэт тады зарабляўся на вуліцы, яна многа значыла.
– Калі размова зайшла пра канькі, напрошваецца пытанне пра адносіны са спортам. Дарэчы, гледзячы на Вашу спартыўную фігуру, пэўна, і цяпер не закінулі заняткі?
– У школе займалася валейболам і баскетболам. У медвучылішчы – лёгкай атлетыкай, бегала. У інстытуце вельмі сур’ёзна трэніравалася, выступала за юнацкую зборную Ленінграда па валейболу. Калі працавала на Поўначы, захапілася лыжамі, любіла доўгія дыстанцыі.
Дарэчы, вельмі шкадавала, што позна даведалася пра пракат канькоў. Карцела выйсці на лёд, з зайздрасцю пазірала на тых, хто гэтай зімой змог уволю пакатацца.
А што тычыцца фігуры, пэўна, так запраграміравана генетычна, але і сама прыкладаю намаганні.
– Людміла Карлаўна, чаму некалі зрабілі выбар на карысць фармацыі?
– Тут трэба пачаць з таго, што па гараскопу я – Дзева. Людзі, што нарадзіліся пад гэтым знакам, – службісты ў добрым сэнсе слова, і да сябе я гэта адношу ў першую чаргу. Адзін са спосабаў рэалізацыі Дзевы – фармацыя. Як пацвярджэнне праўдзівасці слоў, наша аптэка – цэлае сузор’е Дзеваў, акрамя мяне, яшчэ чатыры супрацоўніцы. Лічу, што сур’ёзней прафесіі, чым наша, няма. Сёння мы ўдзельнічаем у вызначэнні тактыкі лячэння некаторых захворванняў у рамках безрэцэптурнага водпуску лекавых сродкаў.
– Вы з дзяцінства марылі пра фармацыю?
– Увогуле, не збіралася працаваць у аптэцы. Дакументы падавала ў Тэхналагічны інстытут на хімічны факультэт. Але атрымала «двойку» па сачыненню. Пэўна, гэта быў знак лёсу. У школе ж заўсёды сябравала з мовамі.
– І што Вы рабілі далей, калі не паступілі ў ВНУ?
– Час дазваляў падаць дакументы ў вучылішча. Завезла іх у Магілёўскае медвучылішча на фармацэўтычны факультэт. Скончыла яго з «чырвоным» дыпломам. Гэта дазволіла паступаць у інстытут нароўні з медалістамі і здаваць адзін прадмет.
Трэба сказаць, што я дама савецкай закваскі і заўсёды імкнулася да ведаў. Ленінградскі хіміка-фармацэўтычны інстытут, дзе вучылася 4,5 года, – лепшы час у жыцці.
– Якая рамантыка закінула Вас на Поўнач?
– Сапраўды, такі факт у маёй біяграфіі ёсць. Па размеркаванню некалькі чалавек адпраўлялі ў Мурманскую і Архангельскую вобласці, бралі там спецыялістаў з абдымкамі. У Архангельск нас паехала трое. Было гэта ў 1975 годзе, а вярнулася толькі ў 1982-ім.
– Чым чалавек, блізкі да медыцыны, лечыцца сам, ці, увогуле, не хварэеце?
– Стараюся па-філасофску падыходзіць да хвароб. Самае універсальнае лякарства – аспірын, не толькі абязбольвае, але актыўна выкарыстоўваецца ў кардыялогіі. З траўкамі раю сябраваць і сябрую сама. Нават да БАДаў адношуся станоўча, калі ўпэўнена ў пастаўшчыку. Ёсць фірмы, якія маюць трывалую рэпутацыю. Не шкада аддаць паўаптэкі, важна, каб было з карысцю.
Як сачу за здароўем? Прымаю «Ундэвіт» – дастаткова збалансаваны комплекс. Увогуле, лічу, што вітаміны, якія ёсць у продажы, усе добрыя. Але ўсе яны – хімічныя агенты…
– Што для Вас значаць сябры?
– Вельмі добрыя адносіны падтрымліваю з аднакласнікамі. Школьныя пачуцці самыя моцныя. Мы ўсе вярнуліся на малую радзіму. У 2007 годзе збіраліся на 40-годдзе з дня заканчэння школы. Па жыцці з’яўляліся і новыя людзі. У сябрах цяпер тыя, хто блізкі па духу.
– Якія тры прадметы прыхапілі б з сабой на бязлюдны востраў?
– Запалкі, прэсную ваду, які-небудзь прадмет, якім можна было б разбіць той жа какос. Чытаць там наўрад ці давялося б, трэба было б змагацца за выжыванне. І ўвогуле, у адзіноце на востраве дрэнна сябе ўяўляю, бо страшна баюся паўзуноў.
– Прыярытэты ў літаратуры, ці ёсць любімы пісьменнік, кніга?
– У дзяцінстве і маладосці захаплялася дэтэктывамі. Класіку ведаю на ўзроўні школьнай праграмы, а гэта вельмі добрая база. Быў перыяд, у мінулым дзесяцігоддзі, – зачытвалася гістарычнымі раманамі. Не так даўно перачытала «Спартака». Шмат чытаю прафесіянальнай літаратуры. Сёння – у асноўным па псіхалогіі, філасофіі, кнігі Р. Штайнера, Э. Гонікман. Скажу так: ад мастацкай літаратуры я адышла, мне гэта ўжо нецікава. Але гэта не значыць, што «бульварныя раманы» не патрэбна чытаць. Разумны чалавек і з іх атрымае карысць.
– Ці ведаеце замежныя мовы?
– Некалі добра валодала англійскай. Калі вучылася ў Ленінградзе, хадзіла на курсы. А пасля падпрацоўвала ў экскурсійным бюро, вадзіла па гораду групы іншаземцаў. Шмат гадоў практыкі ўжо няма. Размаўляю па-польску.
– Якія ў Вас адносіны з мастацтвам?
– Са студэнцкіх часоў на ўсё жыццё палюбіла тэатр. У Кіраўскі тэатр заўсёды быў абанемент, яго рэпертуар ведала дасканала. Абажаю «Хор Турэцкага», яго канцэрты ў Мінску практычна не прапускаю. Іх музыку не проста слухаеш, яна ўзвышае і акрыляе. Люблю песні ў выкананні Вітаса.
Сама вучылася ў музычнай школе па класу фартэпіяна. Гэта было так даўно! Гадоў з 20 не сядзела за інструментам.
– Што для Вас адпачынак?
– Добра паспаць. Тады буду прадуктыўна працаваць. Каб выспацца, мне патрэбна 10 гадзін, практычна ніколі не ўдаецца.
– Ці любіце падарожнічаць?
– Люблю, а ўвогуле, не люблю замкнутую прастору. Некалі марыла пабываць у Самаркандзе, ён у мяне асацыіраваўся з пустынямі, вярблюдамі, хацелася пакатацца. У Мексіку з’ездзіла б… Заўсёды з радасцю еду ў свой любімы Івянец. Мне там нават дыхаецца лягчэй.
– Ваш рэцэпт ад дрэннага настрою?
– У мяне ён бывае вельмі рэдка, стараюся яго ўнутр сябе не запускаць. Наогул, лічу, што настрой у многім залежыць ад самадысцыпліны. Узняць яго мне дапамагаюць, напрыклад, тэатр альбо зносіны з прыемным чалавекам.
– Як складваюцца адносіны з сучаснай бытавой тэхнікай?
– Ёсць у доме мікрахвалевая печка, пральная машына-аўтамат. Карыстаюся мабільным тэлефонам. Камп’ютэр дома ўспрымаю толькі як сродак сувязі. Іншая справа на рабоце, без яго цяпер проста не абыдзешся.
– Людміла Карлаўна, ці ёсць у Вас ідэал мужчыны?
– Ідэальных людзей не бывае. Хаця ў мяне ідэал мужчыны – хакеіст Анатоль Фірсаў. Арэол вакол гэтага імя застаўся з маладосці.
– Як лічыце самі, маеце ўласны стыль у адзенні, прычосцы? Хто Ваш цырульнік?
– Стылю не магу ацаніць, часопісамі мод не карыстаюся. Ведаю, што вельмі кансерватыўная ў адзенні. Самы галоўны прынцып – шматфункцыянальнасць. Стараюся купляць добрыя рэчы і вельмі доўга іх нашу. Да абутку таксама патрабавальная.
Што тычыцца прычоскі, то некалі ў мяне былі раскошныя доўгія белыя валасы. Цяпер, пэўна, складана ўявіць мяне бландзінкай. У інстытуце стала ўжо русай, крыху падфарбоўвала іх. У нашай прафесіі цяжка мець доўгія валасы, прафесіяналы раней хадзілі ў каўпаках. Сёння мая кароткая стрыжка ўжо не даніна модзе, а проста зручнасць. Пастаянна звяртаюся ў цырульню Дома быту да Аліны Мышлён.
– Чаго не хапае для поўнага шчасця?
– Здаецца, усё ёсць, чаго яшчэ жадаць?!
БЛІЦ-АПЫТАННЕ:
– Любімае імя?
– Усе добрыя.
– Любімая страва?
– Бульба ў любым выглядзе, грэцкая каша.
– Любімы напітак?
– Зялёны чай.
– Дэвіз па жыцці?
– Пастаянная вучоба і развіццё – гэта рух наперад.
– Мяса альбо рыба?
– Што ёсць, тое і ем.
– Грыбы альбо ягады?
– Ягады.
– Кошка ці сабака?
– Сабака.
– Любімае свята?
– Да вясны адношуся як да свята, гэта пачатак жыцця.
– Любімы кінафільм?
– «Салярыс».
– Ваша хобі?
– У розныя гады былі розныя захапленні. Яўнага няма.
– Дзякуй Вам, Людміла Карлаўна, за размову, поспехаў у працы!

Пытанні задавала Наталля ШТЭЙНЕР.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий