Культура

За 4-ю пяцігодку мінулага стагоддзя на будаўніцтва, у прамысловасць і на транспарт рэспублікі прыйшло 80 тысяч юнакоў і дзяўчат; 10 тысяч маладых беларусаў аднаўлялі шахты Данбаса, 6 тысяч адбудоўвалі Сталінград. На 1 студзеня 1948 года ЛКСМБ налічваў 262486 членаў. У пасляваенныя дзесяцігоддзі камсамол прымаў удзел у вырашэнні практычна ўсіх народнагаспадарчых задач, якія ставіла Камуністычная партыя. У 1954-60 больш за 60 тысяч юнакоў і дзяўчат Беларусі выехалі на асваенне цалінных і абложных зямель у Казахстан.

Успамінае Уладзімір Фёдаравіч КЛІШЭВІЧ, жыхар Валожына, былы кіраўнік спраў райвыканкама:

Камсамольскае жыццё – яркая вяха ў жыцці прадстаўнікоў майго пакалення. Я родам з Салігоршчыны. Служыў у Валожынскай воінскай часці інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце. Пасля звальнення ў запас у 1962 годзе прапанавалі пасаду інструктара раённага камітэта камсамола. Многіх сакратароў пярвічак я добра ведаў, з многімі шчыра сябраваў.  З вялікай цеплынёй успамінаю Івана Станкевіча з Гародзькаў. Ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У сельскай гаспадарцы працавала перадавая камсамолка Ліда Ліштван з Дубіны. У тагачаснай райсельгастэхніцы сапраўдным завадатарам добрых спраў лічыўся Уладзімір Ленскі. Падобных прыкладаў можна прыводзіць шмат.

Па нашай ініцыятыве часта праводзіліся раённыя суботнікі. У асноўным яны былі скіраваны на дапамогу сельскай гаспадарцы. Славіўся ў вобласці і наш аператыўны атрад, які ўзначальваў Антон Радына. Мы рэгулярна арганізоўвалі эфектыўныя рэйды, патрулявалі вуліцы горада і іншых населеных пунктаў  у вячэрні час сутак.

З нагоды значнай даты дасылаю ветэранам камсамольскага руху, сучаснай моладзі шчырыя віншаванні, зычу ўсяго самага лепшага ў жыцці.

Успамінае Станіслаў МІРАНОВІЧ, пенсіянер, жыхар гарпасёлка Івянец:

Я ўжо даўно выйшаў з камсамольскага ўзросту: маю 65 гадоў. Але гэту юнацкую пару з цеплынёй успамінаю і зараз. У сямейным архіве да гэтага часу захоўваецца мой камсамольскі білет.

Тагачасная моладзь вызначалася вялікім энтузіязмам, ініцыятыўнасцю. Я працаваў механізатарам у будаўнічых арганізацыях. А за жыццё асвоіў і іншыя спецыяльнасці. Памятаю, як па рэспубліканскім маладзёжным пачыне я з групай іншых хлопцаў накіраваўся ў Казахстан на ўборку вырашчанага ўраджаю. Дабіраліся туды цягніком пяць сутак. Па прыездзе ў гэту незнаёмую краіну нас вельмі ўразілі бяскрайнія стэпы. Запомніліся вялізныя залатыя горы спелага зерня, якія высіліся да неба.

Каля трох месяцаў мы правялі там. Асабіста я ўбіраў пшаніцу на гусенічным трактары. У вытворчай брыгадзе разам са мной працавалі не толькі беларусы, але і рускія, немцы з Паволжа, татары.


 



Добавить комментарий