31 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі ў сталіцы Беларусі прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 396 ад 4 верасня бягучага года.
Сярод 23 лепшых працаўнікоў сталічнай вобласці была і аператар машыннага даення сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Пяршаі-2003” Тамара Андрэеўна ЛАПА. Яна ўдастоена медаля “За працоўныя заслугі”.
Тамара Андрэеўна працуе на малочнатаварнай ферме ў Бурбаўшчыне. Праведзеная рэканструкцыя і мадэрнізацыя малочнай галіны забяспечыла ідэальныя ўмовы для эфектыўнай працы жывёлаводаў. Але крыніца вытворчых поспехаў, высокіх надояў – у выключнай руплівасці даяркі. Радуюцца гэтаму прызнанню калегі, ганарацца сваёй маці і трое яе дзяцей, блізкія людзі.
Віншуем нашу зямлячку з такой высокай дзяржаўнай узнагародай!