Другое жыццё Бартэніхі

Общество

Жыхары Сакаўшчынскага сельсавета добра ведаюць тарфяное балота Бартэніха, якое знаходзіцца каля вёскі Бомбалы. Але, напэўна, ніхто не здагадваецца, што гэта невялікае балотца ў міжрэччы Заходняй Бярэзіны і Альшанкі вядома вучоным і ў далёкай Англіі, і ў Германіі, і ў Галандыі.

У апошні час у сродках масавай інфармацыі адчуваюцца пытанні экалагічнай рэабілітацыі парушаных (асушаных) тарфяных балот, і ў тым ліку ўспамінаўся наш Валожынскі раён і балота Бартэніха. Мяне зацікавіла гэта пытанне і я вырашыла даведацца ў знаёмых вучоных-эколагаў з Нацыянальнай акадэміі навук, чаму наша невялічкая Бартэніха стала аб’ектам абмеркавання.

Бартэніха – адно з тых балот, на якіх здабывалі торф, і ў выніку чаго была знішчана балотная экасістэма. У Беларусі 15 балот з лёсам Бартэніхі ўключаны ў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Рэнатуралізацыя і ўстойлівае кіраванне тарфянымі балотамі для прадухілення дэградацыі зямель, змяненняў клімату і забеспячэнне захаванасці глабальна значнай біялагічнай разнастайнасці.”, ажыццяўляемага Праграмай развіцця ААН у Беларусі, Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду і Каралеўскага таварыства аховы птушак (Вялікабрытанія).

Тарфяныя балоты ва ўсім свеце прызнаюцца аднымі з самых унікальных і ў той жа час самымі далікатнымі тыпамі экасістэм, для якіх характэрны спецыфічныя расліннасць і жывёльны свет, якія, акрамя балота, больш нідзе не могуць існаваць. Калі гіне балота – гінуць і гэтыя расліны і жывёлы.

Бартэніха выпрацаванае тарфяное месцанараджэнне. У 2006 годзе больш за 30 працэнтаў яго плошчы прыходзілася на адкрыты голы торф з вельмі рэдкім покрывам расліннасці. Гэта тарфяная пустыня ўтварылася ў сувязі з тым, што па існуючай сетцы меліярацыйных каналаў вада сыходзіла з балота, торф вельмі перасыхаў. У такіх умовах узнаўленне расліннасці было надта затарможана.

Выпрацаваныя тарфянікі – гэта крыніцы тарфяных пажараў і выкідаў у атмасферу дыяксіду вугляроду. У выніку асушэння балоты страчваюць ролю стабілізатараў гідралагічнага рэжыму на тэрыторыі ўсяго вадазбору, адбываецца высушванне малых рэчак і ручайкоў, страта біялагічнай разнастайнасці, змяненне мікраклімату.

Дэградацыя тарфяных глебаў і прыродных экасістэм у выніку мінералізацыі торфу на асушаных землях і павелічэнне балот, парушаных у выніку асушэння і здабычы торфу, прызнаюцца важнай нацыянальнай праблемай.

У рамках вышэйназванага праекта было прынята рашэнне аб паўторным забалочванні выпрацаванага тарфянога масіву для аднаўлення тыповага балотнага воднага рэжыму, расліннага покрыва і працэсу торфаўтварэння – адной з унікальных арганагенных парод.

На Бартэніху ў 2007 год-зе прыехала група вучоных-даследчыкаў з НАН Рэспублікі Беларусь. На асобных каналах былі пабудаваны спецыяльныя перамычкі, якія затрымліваюць сцёк вады з балота. Да вучоных далучыліся мясцовыя прыродныя “будаўнікі” – бабры. Такім чынам стабілізаваўся рэжым увільгатнення на выпрацаваным тарфяніку.

Сёння на балоце Бартэніха дамінуючым тыпам расліннасці з’яўляецца балотная – трысняговыя, асаковыя, падвейныя.

Выкананы першы этап праектных работ па экалагічнай рэабілітацыі парушанага балота – створаны ўмовы для існавання менавіта балотнай флоры.

У перспектыве ж Бартэніха павінна адрадзіцца да стану натуральнага балота, на якім будзе ўзноўлены працэс торфаўтварэння.

Вера ВЯРШЫЦКАЯ,

жыхарка вёскі Даўбені.



Добавить комментарий