ПРАГУЧАЛІ ДВА СТРЭЛЫ…

Закон и порядок

Жахлівае здарэнне, у выніку якога абарваліся два жыцці, адбылося 19 кастрычніка ў Вайганах: муж застрэліў жонку, а потым застрэліўся сам…

Некалькі гадоў назад гэта сям’я ўжо трапляла ў крымінальную хроніку. Тады іх шаснаццацігадовы сын памёр.

І вось новая трагедыя. Са слоў старшага следчага Ю. Г. Селятыцкай, гэта сям’я не лічылася ў вёсцы нядобранадзейнай. Праўда, як заўважылі суседзі, апошнім часам муж усё часцей пачаў зазіраць у чарку. Але ні парушэнняў грамадскага правапарадку, ні жорсткіх адносінаў да жонкі ён сабе не дазваляў. На ўліку ў нарколага і псіхіятра не стаяў. Больш таго, як чалавек ураўнаважаны і станоўчы, меў дазвол на зброю, з’яўляўся членам таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Усё адбылося надвячоркам, каля 17.20. Спачатку вяскоўцы пачулі стрэл. Затым гаспадыня выскачыла з дому і пабегла ў бок суседняга ўчастка. На ганак з ружжом у руках выйшаў гаспадар і стрэліў у жонку. Жанчына ўпала. Прыкладна за дзесяць метраў ад яе знаходзілася суседская чатырнаццацігадовая дзяўчынка, якая магла стаць выпадковай ахвярай. Сведкамі забойства аказаліся адразу некалькі чалавек. Пасля ўчыненага мужчына вярнуўся ў веранду, зачыніў за сабой дзверы і стрэліў яшчэ раз.

Калі на месца здарэння прыехалі супрацоўнікі міліцыі, і ахвяра, і забойца ўжо былі нежывыя. Як расказалі крыміналісты, у доме і на прысядзібным участку загінуўшых быў поўны парадак, ніякіх прыкмет барацьбы ці сваркі. Ды і суседзі пацвердзілі, што яшчэ за гадзіну да здарэння бачылі гэтых вяскоўцаў, якія паводзілі сябе, як звычайна.

Следчыя мерапрыемствы і неабходныя экспертызы яшчэ вядуцца.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий