ВАНДРУЕМ ПА ВАЛОЖЫНШЧЫНЕ З ЦIКАВАСЦЮ…

Культура

2014 год аб’яўлены Годам турызму ў СНД.

Нацыянальнае агенцтва па турызме стварыла рэестр турыстычных маршрутаў па ўсіх рэгіёнах краіны. Падарожніку прапанавана амаль 100 экскурсій, некалькі з іх арганізаваны па Валожынскім раёне.

Экскурсія “Дойлідства Налібоцкага краю” пазнаёміць з помнікамі архітэктуры XIV-пачатку XX стагоддзя, з лёсамі знакамітых людзей гэтых мясцін, з памятнымі гістарычнымі месцамі. Вандраванне арганізавана па кальцы працягласцю ў 270 км. Турыстам прапаноўваюць наведаць Ракаў, Валожын, Вішнева, Багданава, Гальшаны, Баруны і Крэва.

Маршрут “Побыт і культура мястэчкаў Івянца і Ракава”, які расцягнуўся на 140 км, раскажа дапытлівым турыстам пра багатае мінулае гэтых адметных куткоў Валожыншчыны.

А вось падарожнічаць па зялёным маршруце “Валожынскія гасцінцы” турыстам прапанавана не толькі аўтобусам. На гэтым шляху ў 200 кіламетраў арганізаваны пешыя і нават водныя экскурсіі. У дарозе прыйдзецца правесці 11 гадзін. Адпачынак ладзіцца на спецыяльна абсталяваных турыстычных стаянках.

Гэты маршрут пакажа вандроўнікам багацце прыроднай і культурна-гістарычнай спадчыны нашага раёна, пазнаёміць з фальклорам і мясцовай кухняй. Арганізаваны тут і сустрэчы з самабытнымі людзьмі, якія захоўваюць сакрэты старадаўніх промыслаў і народных рамёстваў.

На сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме можна выбраць экскурсію ў любую кропку Беларусі. Карыстальнікам партала даступна кароткая інфармацыя пра вандраванне, што больш прыглянулася. На сайце таксама створана інтэрактыўная карта, якая дапаможа віртуальна дабрацца да жаданага месца адпачынку, укажа на размешчаныя паблізу помнікі архітэктуры і прыроды.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий