ЗАХАПIЛI ПЕСНЯЙ

Общество

У рамках праекта “Мелодыі песень сваіх зберажом” з удзелам зорак айчыннай эстрады на раённай сцэне нядаўна выступілі папулярныя беларускія артысты Анастасія Ціхановіч, Іван Буслай і Мікіта Фаміных.

Канцэртная праграма, прадастаўленая для жыхароў райцэнтра сталічнымі спевакамі, заняла дзве гадзіны. На працягу гэтага часу выканаўцы радавалі валожынцаў сапраўднай “жывой” музыкай і выдатным вакалам. Акрамя таго, актыўна працавалі і з залай. Іван Буслай і ўвогуле спусціўся са сцэны для таго, каб затым запрасіць туды трох жанчын і падарыць ім танец.

Для слухачоў зоркі праспявалі добра вядомыя музычныя творы з уласных рэпертуараў. Спачатку выступалі сольна, а на завяршэнне з’ядналіся ў трыа. Імправізаваны калектыў выканаў добра знаёмую ўсім па творчасці Мікалая Гнацюка песню “Галіна”, а скончылі выступленне творам, які даўно ператварыўся ў народны – “Чаркай напасашок”.

Не дзіва, што гледачы падарылі выступоўцам сардэчныя авацыі. Апладыравалі доўга і стоячы. Чым, сапраўды, уразілі спевакоў: тыя прызналіся, што нідзе дагэтуль не сустракалі такой удзячнай публікі. Развітваліся душэўна, па-сяброўску, разлічваючы на новыя сустрэчы.

А прыемныя сюрпрызы на гэтым не скончыліся. Учора ў горадзе гастраляваў з сольнай праграмай вядомы малады беларускі спявак Саша Нэма, які таксама падарыў зале букет незабыўных эмоцый.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий