ГРУЗ ЛЮДСКIХ ПРАБЛЕМ ПАЛЯГЧЭЎ…

Общество

Напэўна, не памылюся, калі скажу, што самым аператыўным спосабам вырашыць нейкую праблему, з’яўляюцца “прамыя тэлефонныя лініі” з кіраўніцтвам раёна. Гэта форма работы практыкуецца ўжо не першы год. І штораз яна даказвае сваю эфектыўнасць.

Праблемы ў час тэлефоннага дыялогу ўзнімае не толькі мясцовае насельніцтва, але і жыхары іншых гарадоў, у прыватнасці, сталіцы, якія нярэдка наведваюць Валожыншчыну. У іх ёсць свой свежы погляд на многія пытанні. Прачытаўшы абвестку пра чарговую “прамую лінію”, яны выкарыстоўваюць шанц дазваніцца і задаць пытанне.

Пачнём нашу справаздачу з сацыяльна значных зваротаў. Да такіх адносіцца званок мінчанкі Тамары Мяфодзьеўны Галавач. Яна прасіла адрэгуляваць аўтамабільны паток па вуліцы 60 год БССР у райцэнтры. Жанчына іранічна характарызуе рух транспарту па вуліцы, як па Алімпійскай трасе ці аўтабане, дзе афіцыйна дазволена высокая хуткасць. “На ўсіх парах” нясуцца па вуліцы і фуры, і меншгабарытныя машыны. Аўтарка званка мудра раіць абсталяваць на гэтай праблемнай вуліцы хаця б аднаго “ляжачага паліцэйскага”. І прыводзіць у прыклад, што на суседняй Набярэжнай такіх штучных няроўнасцей аж чатыры. Яна скардзілася і на дрэннае асвятленне вуліцы, адсутнасць добраўпарадкаваных дарожак для пешаходаў. Усе гэтыя недапрацоўкі, па меркаванні аўтара званка, негатыўна ўплываюць на бяспеку руху. Т. М. Галавач хадайнічала і наконт адкрыцця маршруту пасажырскага транспарту па выхадных днях, у прыватнасці, у нядзелю. На гэтай аддаленай вуліцы Валожына жыве нямала састарэлых грамадзян, ім няпроста пешшу дабрацца ў цэнтральныя магазіны, у царкву, на рынак…

Некаторыя званкі маюць сваё прадаўжэнне і раскручваюцца, нібы клубок нітак. Раней з вуліцы 17 верасня Валожына тэлефанавалі наконт дрэннага водазабеспячэння. Камунікацыі, нарэшце, праклалі, а вось з падачай вады ў жылыя дамы пакуль па-ранейшаму марудзяць. Адна з прычын: не ўсе жыльцы яшчэ разлічыліся за выкананыя работы. Але чаму ў “заложніках” застаецца той, хто своечасова заплаціў за зроблены аб’ём работ па водазабеспячэнні?!

Ніводная “прамая лінія”, якую праводзіць старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч, не праходзіць, каб нехта з суразмоўцаў не ўзняў пытання наконт спілоўвання старых дрэў. Падобныя просьбы на гэты раз паступілі з вёсак Навасёлкі, Янаўшчына, Гародзькі.

Зачасцілі на “прамую лінію” і жыхары Туркаўшчыны Ракаўскага сельсавета. А іх звароты тычацца гандлёвага абслугоўвання. Мясцовыя жыхары, дачнікі наракаюць на работнікаў аўталаўкі райспажыўтаварыства. Графік работы гандляры нярэдка груба парушаюць. Патэнцыяльныя пакупнікі справядліва крытыкуюць: “Калі крама на калёсах сапсавалася, і ў рэйс не выехала, то можна патэлефанаваць старасце вёскі, папярэдзіць, каб старыя людзі дарэмна не чакалі аўталаўку ў вызначаны час.”

Да разраду пытанняў, якія не церпяць адтэрміноўкі, можна аднесці тэлефанаванне шматдзетнай маці з Сугваздаў. Кацярына Антонаўна Шастак, якая выхоўвае 5 дзяцей, нядаўна разам з мужам атрымала ключы ад новай кватэры, а засяліцца сям’я не можа, бо ацяпленне ў катэджы не падключана.

Пра факт цяганіны з афармленнем дакументаў на прыватызацыю жылога дома расказала Софія Аляксандраўна Бараноўская з Подбалаці. Чацвёрты месяц чуе яна абяцанні ад службовай асобы, якая займаецца прыватызацыяй у КСУП “Сакаўшчына-Агра”. Пытанні рамонту жылога фонду ўзнімалі ў час “прамой лініі” жыхары дамоў № № 8, 20, 4 па вуліцы Партызанскай райцэнтра.

28 кастрычніка на тэлефонную лінію старшыні райвыканкама пазванілі 15 чалавек. Некаторыя з іх мелі ў сваім “багажы” па тры-чатыры пытанні. Праблему капітальнага добраўпарадкавання праезнай часткі вуліцы Маладзёжнай у Валожыне ўзнімала Ала Вячаславаўна Грынкевіч. Успомніла яна і пра пешаходную дарожку з Маладзёжнай у бок праваслаўнай царквы. На гэтым участку руху варта было б паклапаціцца пра ўстаноўку парэнчаў, бо зімой у час галалёду пешаходы рухаюцца тут на паласе з мноствам перашкод. А. В. Грынкевіч выйшла з прапановай адкрыць рэйс пасажырскага аўтобуса да чыгуначнай станцыі Гародзькі да часу прыбыцця і адпраўлення цягніка гродзенскага накірунку. У Гродне вучыцца нямала выпускнікоў школ нашага раёна. Дабірацца грамадскім транспартам праблематычна. Выйсце адно – асабісты транспарт. У выніку ў пятніцу і нядзелю ля чыгуначных пуцей  збіраюцца дзясяткі легкавушак. Дык не лепш было б  клопаты дастаўкі пасажыраў перакласці на мясцовы аўтамабільны парк?! Рэзонная прапанова! Таму не выключана, што яна будзе аператыўна і паспяхова матэрыялізавана, як і многае з таго, пра што просяць жыхары раёна, звяртаючыся на “прамую лінію”. Цешыць, што грамадзяне, якім дапамаглі, стараюцца сказаць прадстаўнікам улады шчыры дзякуй за садзейнічанне ў іх праблемах. У прыватнасці, 28 кастрычніка паступілі чатыры ўдзячныя званкі. А гэта сведчанне таго, што “прамыя лініі” — дзейсны сродак у рабоце з насельніцтвам.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий