ПАДАРУНАК АМАТАРАМ ФУТБОЛА

Официально

Новую спартыўную пляцоўку для гульні ў міні-футбол урачыста адкрылі ў горадзе Валожыне на мінулым тыдні. Спартыўны аб’ект, размешчаны на тэрыторыі гімназіі № 1, пабудаваны не толькі для дзяцей і падлеткаў. Кругласутачна трэніравацца тут можа кожны жыхар горада і раёна, які вядзе здаровы лад жыцця і нераўнадушны да футбола.

Унікальнасць спартыўнага аб’екта – у сучасным штучным пакрыцці. Пляцоўка з’явілася ў горадзе, дзякуючы рэалізацыі праекту УЕФА “Хэт-трык” (па развіцці матэрыяльнай базы дзіцяча-юнацкага спорту) сумесна з Асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола” пры падтрымцы ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама. Кошт праекта – больш за 300 мільёнаў рублёў.

Сваю лепту ў ажыццяўленне ідэі будаўніцтва міні-футбольнай пляцоўкі ўнеслі таксама Валожынскі райвыканкам, філіял КУП “Мінскаблдарбуд” – “ДРБУ-167”, Валожынскі філіял ДП “Мінаблпаліва” і іншыя.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спартыўнага аб’екта з прывітальным словам да юных аматараў футбола звярнуліся госці – дырэктар дэпартамента забеспячэння спортмерапрыемстваў Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Ігар Паўлаў, а таксама першы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Васіль Гарбачоў. У падарунак маленькім спартсменам яны прывезлі дзясяткі футбольных мячоў.

Першымі апрабаваць штучнае пакрыццё новай пляцоўкі змаглі навучэнцы аддзялення футбола Валожынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Каманды юнакоў кваліфікавана правялі турнір па міні-футболе.

Хочацца верыць, што для юных футбалістаў нашага горада гэта сучасная міні-пляцоўка стане першым крокам у вялікі спорт.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий