ДАЛЁКА НЕ АД’ЕХАЎ

Закон и порядок

У аператыўна-дзяжурную часць РАУС паступіў тэлефонны званок ад старшыні адной з гаспадарак раёна. Кіраўнік паведаміў аб прапажы з мехдвара трактара. Асобу вінаватага ў прапажы ўстанавілі хутка. Ім аказаўся работнік гэтага ж сельгаспрадпрыемства. У стане алкагольнага ап’янення ён пранік праз незапёртыя дзверцы ў кабіну, завёў агрэгат і паехаў катацца. Але падарожжа хутка скончылася, бо рухавік заглох. Супраць гора-вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа. Відавочна, да некалькіх судзімасцяў хутка дадасца яшчэ адна…

ПАКРЫВАЎ БАЦЬКУ

Супрацоўнікам міліцыі патэлефанаваў і малады жыхар вёскі Бабровічы. Ён расказаў, што па неасцярожнасці дома ўпаў на нож і моцна параніўся. Але, як неўзабаве выявілася, усё аказалася не так проста…

Гэтай самай “неасцярожнасцю” быў бацька маладога чалавека, які на добрым падпітку падчас сваркі схапіў нож і ўдарыў ім сына ў грудзі. Хлопец атрымаў пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх цялесных. Па факту была складзена і крымінальная справа. Нястрыманаму скандалісту пагражае турэмнае зняволенне на доўгі тэрмін.

ХАВАЛІ ДОМА АПАРАТЫ

Гутарка, вядома, ідзе пра апараты самагонныя. Падчас адпрацоўкі адміністрацыйных участкаў праваахоўнікі знайшлі іх у дварах двух жыхароў вёскі Вайганы. А ў мужчыны з гэтай жа вёскі выявілі не толькі апарат, але і 100 літраў брагі. На знойдзеным супрацоўнікамі міліцыі самагонным апараце і 80 літрах саматужнай гарэлкі “пагарэў” і жыхар вёскі Людымы. У кожным выпадку складзены адміністрацыйныя пратаколы, вінаватым давядзецца выплаціць штраф.

МАЛАДЫ, ДЫ ХЦІВЫ…

Мінчанін папрасіў міліцыянераў прыцягнуць да належнай адказнасці чалавека, які, знаходзячыся ў адным з дамоў вёскі Лапінцы, з-пад каробкі швейнай машынкі ўкраў у гаспадара 3 мільёны рублёў. Падазроны ў той жа дзень з’явіўся да праваахоўнікаў з павіннай. Ім аказаўся непаўналетні юнак, які пражываў у доме заяўніка. Падчас вядзення следства нанесены гаспадару матэрыяльны ўрон хлопец поўнасцю кампенсаваў. Улічваючы гэта, а таксама ўзрост падлетка і тое, што ён сам прызнаўся ў здзейсненым, супраць яго не сталі ўзбуджаць крымінальную справу. Але ў поле зроку супрацоўнікаў РАУС ён трапіў надоўга.

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПА-ЗА ЗАКОНАМ

Супрацоўнікі міліцыі і падатковай інспекцыі ў вёсцы Улазавічы спынілі аўтамабіль грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які без рэгістрацыі аб прадпрымальніцкай дзейнасці рэалізоўваў насельніцтву бензапілы “Шціль”. У аўтамабілі выяўлена 15 бензапіл на суму 22,5 мільёна рублёў. Тавар канфіскаваны, на машыну накладзены арышт.

Затрыманы і аўтамабіль жыхара Маладзечна, якім кіраваў мінчанін. Мужчына без суправаджальных дакументаў вёз больш за 1500 кілаграмаў металічнага лому. Груз канфіскаваны, складзены адміністрацыйны пратакол.

Факт незаконнага прадпрымальніцтва быў устаноўлены і на стаянцы “Паркінг” на 56-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна. “На гарачым” злавілі міліцыянеры і супрацоўнікі падактовых органаў жыхара Мар’інай Горкі, які спрабаваў рэалізаваць 98 DVD-дыскаў з відэазапісамі і 5 гадзіннікаў. На прадукцыю не было дакументаў, якія б пацвердзілі легальнасць яе набыцця. Тавар таксама канфіскаваны, праводзіцца дадатковая праверка.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий