АБЛАШЧАНЫ ПРАЦАЙ ВЯСКОВЫЯ ПАДВОРКI

Общество

…Мастачка-прырода цяпер шкадуе яркіх фарбаў.  Пераважна шэрая гама міжволі навявае лёгкі сум. На фоне гэтай палітры яркімі глядзяцца ў вёсках толькі ўзорныя жылыя сядзібы. Старыя непафарбаваныя прыгнятаюць настрой, а дагледжаныя, выпеставаныя руплівымі рукамі гаспадароў, нібы пяшчотнае сонейка, лашчаць вока.

У Бяляках, што ў Валожынскім сельсавеце, нямала такіх кантрастаў. Але давайце закранём толькі аптымістычныя ноткі ў гэтай восеньскай сімфоніі. Маўкліва прамінём закінутыя двары і завітаем на акуратныя сядзібы.

Хоць дрэвы ўжо даўно скінулі сваю лістоту, а шматлікія клумбы асірацелі без кветак, у вёсцы ўсё роўна не размінешся з рукатворнай прыгажосцю. У Бяляках багата дагледжаных сядзіб.

Клапоціцца пра добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі ў любую пару года шматдзетная сям’я Вольгі Віктараўны і Юрыя Уладзіміравіча Адамовічаў. Выйгрышна на фоне іншых глядзіцца фасад іх жылога дома. Многае па рэканструкцыі будынка ўжо зроблена, многае яшчэ ў планах…

Умацоўвае пазітыўны настрой сваім вонкавым выглядам і цагляны дом блізкіх суседзяў Адамовічаў. Тут жывуць Рэгіна Адамаўна і Аляксандр Аляксандравіч Гаспарэвічы. Руплівым бацькам дапамагаюць у добраўпарадкаванні сыны Валерый і Віктар. Яны хоць і жывуць асобна, але родны дом не забываюць.

Трапна нехта заўважыў: “Трэба не змагацца за чысціню! Трэба падмятаць!” Акуратнасць  прыдамавой тэрыторыі патрабуе штодзённай працы, вялікага старання. Расслабішся на тыдзень-другі, ­­і вонкавы выгляд сядзібы адразу пачне “затухаць”. Гэта добра ведаюць гаспадарлівыя вяскоўцы, таму і стараюцца пастаянна трымаць фасон дагледжанасці. Парадак не толькі ля іх жылых дамоў, але і ля шматлікіх гаспадарчых пабудоў, ля гаражоў, у садзе.

Візітнай карткай чысціні і высокай санітарнай культуры ў Бяляках справядліва называюць сядзібу, якая належыць пенсіянерцы Яніне Геранімаўне Бараноўскай. Дочкі, зяці і ўнукі заўсёды падсабляюць ёй.

Акуратнасць – адна з вызначальных рысаў у характары чалавека. І не выпадкова: бо яна цесна звязана з працавітасцю. А такі альянс досыць плённы!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий