АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ЛІСТАПАД 1968 ГОДА

Культура

ЛЕПШЫЯ ВАДЗІЦЕЛІ

Калектыў аўтабазы №14 амаль заўсёды перавыконвае вытворчы план па грузавых перавозках.

Пры плане 27 тысяч за месяц народнагаспадарчых грузаў перавезена на 28.164 рублі. Высокай выпрацоўкі пры максімальнай эканоміі гумы і гаруча-змазачных матэрыялаў дабіваюцца вадзіцелі грузавых аўтамашын, паважаныя на прадпрыемстве людзі Казімір Іосіфавіч Амбражэй, Аляксей Ермалаевіч Дабралёт, Фёдар Іванавіч Мацаль. Здымкі лепшых шафёраў змешчаны на Дошцы гонару, з іх бяруць прыклад астатнія работнікі.

ВЕК ВУЧЫСЯ!

Пяршайская школа адзначыла 100-годдзе свайго існавання.

У самым пачатку адкрыцця школа “вандравала” па прыватных хатах. Займаліся толькі хлопчыкі. Аб усеагульнай адукацыі не магло быць і гутаркі. У 1939 годзе Пяршайскую пачатковую школу скончыла толькі 16 чалавек.

За перадваенны савецкі час настаўнікі шмат зрабілі для выхавання дзяцей. Гэта паказалі гады вялікай айчыннай вайны. У 1943 годзе піянерка, выхаванка школы, Ядзя Трацэўская збіла замок з дзвярэй фашысцкай турмы ў Пяршаях і цаною свайго жыцця выратавала жыццё партызан.

БУРАКІ НА СНЕЗЕ

Недапушчальная безгаспадарчасць выяўлена падчас праверкі ў калгасах імя Суворава і імя Мічурына.

Праўленне сельгасарцелі імя Суворава не прыняло належных мер, каб абараніць ад марозу кармавыя буракі. У выніку 438 тон з іх змерзлі, аднак 352 тоны з іх было забуртавана. Снег, якім былі пакрыты буракі, нават не змяталі. Старшыні праўлення і аграному ўказвалася на тое, што буракі псуюцца, што неабходна прыняць тэрміновыя меры, каб захаваць ураджай. Аднак становішча заставалася ранейшым.

Тым часам буракі сагрэліся, з-за чаго здарылася самаўзгаранне каштоўнага корму ў трох буртах.

У сельгасарцелі імя Мічурына 80 тон убраных да наступлення замаразкаў цукровых буракоў заставаліся ляжаць на тарфяніках, хоць гаспадарка і не выканала плана-заказа дзяржавы.

ЛЕКІ БЕЗ АПТЭКІ

Амаль 15 гадоў Іван Якаўлевіч Ганько, жыхар вёскі Замасцяны Сакаўшчынскага сельсавета, збірае лекавыя травы.

Іншы раз у пошуках лекавых раслін ён праходзіць некалькі кіламетраў, а часам на адной невялічкай лясной палянцы знаходзіць адразу некалькі іх відаў. Народнаму доктару ў яго справе дапамагаюць многія, асабліва школьнікі. Летам шмат каштоўных пялёсткаў васількоў здалі Іра і Галя Ляўковічы. Лекавыя расліны прыносяць і старэйшыя жыхары навакольных вёсак. Амаль паўтары тоны карыснага для здароўя аеру сабраў І. Скадорва. Многа кілаграмаў чабору здала Р. Ляўковіч, бяссмертніку – П. Троцкая.

У МАГАЗІН – ЗА 7 КІЛАМЕТРАЎ

У вёсцы Гіравічы Залескага сельсавета ёсць магазін, лазня, сельскі клуб, словам, усё для таго, каб задаволіць патрэбы людзей. Аднак, для таго, каб памыцца, трэба ехаць у Мінск, на што даводзіцца затраціць цэлы дзень.

За хлебам вяскоўцы ходзяць у суседні, Маладзечанскі раён. Добра, што хоць “блізка” – усяго 7 кіламетраў. Пра работу клуба ўжо не раз пісалі і гаварылі. Ды і няма там ніякай работы, нават кінафільмы не дэманструюцца.

Старшыня выканкама Залескага сельсавета дэпутатаў працоўных пацікавіўся, хто даслаў у рэдакцыю крытычнае пісьмо. На адказ, што гэта зрабілі камсамольцы вёскі, старшыня абурана ўсклікнуў: “Ведаем мы гэтых камсамольцаў. Працуюць у Мінску, а кіно глядзець ды ў лазні мыцца хочуць у Гіравічах. Яшчэ і адпачынак культурны ім падавай”.

Так, многа моладзі працуе ў Мінску. Але ж хто вінаваты ў тым, што яе пацягнула ў горад, а не ў родны саўгас? Менавіта такія абыякавыя адносіны да задавальнення патрэб людзей.

СТОП, МАШЫНА!

…Матацыкліст шпарка выскачыў з-за павароту і, не звярнуўшы ўвагі на знак “Праезд забаронены”, хацеў паехаць у завулак. Заскрыпеўшы тармазамі, спыніўся, выязджаючы насустрач грузавы аўтамабіль. Магла здарыцца аварыя, але яе своечасова папярэдзілі грамадскія аўтаінспектары.

Не аднаго ліхача-вадзіцеля затрымалі, не адну аварыю папярэдзілі грамадскія аўтаінспектары механік аўтабазы № 14 Я. Ярашэвіч і шафёр раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” С. Канашэвіч.

На розных дарогах Валожыншчыны дзяжураць людзі, галоўнай мэтай для якіх стаў клопат аб жыцці чалавека. Сярод гэтых людзей – шафёры аўтабазы № 14 А. Зенька, І Ліннік, К. Амбражэй, якія ўзнагароджаны значком “Выдатны дружыннік БССР”. Яны – надзейныя памочнікі работнікаў службы ДАІ – не толькі затрымліваюць парушальнікаў правілаў дарожнага руху, але і стараюцца прадухіліць небяспечныя здарэнні: кантралююць тэхнічны стан аўтатранспарту, прапагандуюць правілы бяспекі руху.

ЭХ, ЗАЙГРАЙ ЖА МНЕ МЕНДЭЛЬСОНА!..

Далёка над палямі і пералескамі чуюцца ў вячэрняй цішыні чароўныя гукі. Да труб далучаецца пошчак барабана, медзь літаўраў. Ідзе рэпетыцыя аркестра калгаса “Запаветы Ільіча”.

На духавых інструментах граюць 12 чалавек. Кіруе аркестрам пенсіянер П. Шукевіч. А загадчык Навасёлкаўскім клубам В. Гайдук кіруе хорам.

Бюро партарганізацыі праўлення сельгасарцелі паклапацілася пра мастацкую самадзейнасць. Калгас выдзеліў сродкі для пакупкі духавых інструментаў. Аматарам музыкі, спеваў ёсць чым заняцца ў вольны час. Весела праходзяць канцэрты мастацкай самадзейнасці.

З’ЕЎ… ПЯРСЦЁНАК І ГРОШЫ

Здарылася гэта ў Валожыне. На пошту зайшоў Я. Папугаеў – мо’ з добрымі намерамі: пісьмо напісаць ці паштоўку – і раптам убачыў раскрытую жаночую сумку, з якой так “апетытна” выглядваў кашалёк з тоўстымі бакамі.

Не вытрымаў Папугаеў – цішком схапіў гэту прывабную, спакуслівую рэч і ўцёк. Так і знік бы злодзей, калі б не дзве дзяўчынкі, якія якраз у той час разам з гаспадыняй кашалька Ядвігай Бухаравай былі на пошце. Ні Наташа Наквас, ні Марыя Трус не бачылі, як злодзей лез у сумку, аднак школьніцам здаліся насцярожаныя паводзіны і бегаючыя вочы незнаёмага чалавека.

Калі ўсхваляваная Ядвіга Бухарава звярнулася да дзяўчынак з просьбай дапамагчы, рашучая і смелая Наташа прапанавала знайсці гэтага падазронага чалавека. Валожын – невялікі горад, кожнага новага чалавека можна адразу пазнаць. Праз некаторы час Наташа і Марыя ўбачылі Папугаева.

І тут пачаліся зусім неверагодныя рэчы. Калі да Папугаева падыходзілі міліцыянеры, каб затрымаць яго, злачынец… праглынуў і залаты пярсцёнак, які быў у кашальку, і ўсе 63 рублі. Аднак не здагадаўся ён, што рэнтгенаўскія праменні “разгледзяць” усё.

Так хутка і бясслаўна закончыліся “паходжанні” Папугаева, дзякуючы дапамозе дзвюх дзесяцікласніц Валожынскай СШ № 2.

МУРАШКІ “ПЕРАЯЗДЖАЮЦЬ”

Аб гэтым пісала раённая газета ў рубрыцы “Навіны навукі і тэхнікі”.

У зонах суцэльнай высечкі лесу гінуць тысячы мурашыных сем’яў. А між тым такія мурашнікі можна і трэба перавозіць у маладыя лясы.

Лесаводы Латвіі ўжо практыкуюць такое перасяленне. Тут упершыню праведзены перапіс мурашак, які паказаў, што гэтыя клапатлівыя насякомыя ўзялі пад сваю ахову больш за 4 тысячы гектараў лясоў рэспублікі. Клопаты аб мурашках, такім чынам, акупляюцца ў сто разоў.

ПАДАРОЖНЫЯ НАТАТКІ

Сёлета споўнілася 100 год з дня нараджэння старэйшага беларускага празаіка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага). У пачатку 20 стагоддзя пісьменнік падарожнічаў па Беларусі, наведаў Пяршаі, Валожын, Івянец, пабываў у маёнтку Дуніна-Марцінкевіча – Люцынцы. Прапануем вам частку яго падарожных нататак:

У Люцынцы цяпер жывуць унучкі нашага песняра. Вось і стаў я іх дапытваць, ці не засталося якіх памятак аб ім, але апрача партрэтаў ды рваных кавалачкаў пісуляк нічога няма. Усё агонь забраў. А было гэтага, помню, паўнюсенькі велізарны куфар.

З нейкім жалем і болем пакідаў я Люцынку (апошні хіба ўжо раз), мінаючы тую памятную мне ліпу, у цяні каторай столькі раз грамадка наша палуднавала (і па сённяшні дзень памятаю люцынскія халаднічкі, а печаны хлеб як успомню, здаецца, і цяпер пах з яго ідзе). Пад ліпай гэтай не раз даводзілася і мне стаяць з галіной, у колькі раз большай за сябе, на варце, каб барані божа, у талерку з ядой ці ў міску не ўвалілася муха. Бо тады квіт ядзе. Так іх нябожчык брыдаўся.

З Люцынкі пацягнуўся я пуцявінкамі да Пяршай. Як малюнкі, то на ўзгорку, то пры лясочку, насаджаны дзе-нідзе хаткі. Быццам хаваюцца яны ад людзей, каб не стрывожылі той цішы, якая вее ў круг іх… Вось і Пяршаі: вялікая вёска, касцёл, двор, тут жа і палац Пяршайскага графа Тышкевіча.

Тутака мова беларуская трымаецца яшчэ добра… Зямля добрая, але ведама, як і ўсюды, скупа яе.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

У сокавым цэху Івянецкага кансервавага завода выпускаюцца толькі добрай якасці кампоты з яблыкаў і груш, журавінавы, вішнёвы, парэчкавы сокі, салянкі, кансервы. Іх атрымліваюць не толькі жыхары Магілёва, Лагойска, Маладзечна, але і далёкі спякотны Казахстан. Брыгадай цэха кіруе Тэрэза Ярмак. Выдатна працуюць Ева Ламака, Стася Аляшэвіч, Галя Сямяннік, Яніна Лукашэвіч.

На галаўны масласырзавод зранку кожнага дня паступае ад калгасаў і саўгасаў у сярэднім 40 тон малака. Амаль трэцяя частка прынятага малака накіроўваецца спажыўцам у Мінск, астатняе ідзе па тэхналагічных лініях. У канцы працоўнага дня на склад з цэхаў завода паступае 1,5 тоны сметанковага масла, 1 тона сыру, 0,7 тоны смятаны, дыетычнага тварагу.

Калектыў Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі за шэсць лістападаўскіх дзён выканаў палову месячнага плана. Умельцы выпускаюць дэкаратыўныя вазы, прыборы для віна, мёду, малака, сурвэткі, парцьеры, спадніцы і інш. Чарговая партыя прадукцыі гатова для адпраўкі ў сталіцу Малдаўскай ССР – Кішынёў.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий