20 ТЫСЯЧ КОРКАЎ ПРЫБІЛІ НА СЦЯНУ

Общество

Нашы людзі ўмеюць не толькі выточваць з дрэва, ляпіць з гліны, каваць з металу, апрацоўваць камень, ствараць шэдэўры з саломкі, ільну і шкла. Сям’я АЛЕШКА з Брылькоў “апранула” свой вясковы дом у эксклюзіўнае ўбранства, аздобіўшы яго сцены… коркамі ад пластыкавых бутэлек.

Каля 20 тысяч коркаў усіх колераў вясёлкі ўтварылі на драўляных сценах ладныя малюнкі, майстэрству якіх мог бы пазайздросціць нават мастак-мадэрніст.

Што ні кажы, але, як дуб тоіцца ў жолудзе, у кожным чалавеку дрэмле мастак. Алена Аркадзьеўна 22 гады працавала паштальёнам. Яе муж-механік Уладзімір Уладзіміравіч шмат гадоў працаваў у мясцовым калгасе, а пасля таксама ўладкаваўся на пошту, пачаў разносіць газеты і часопісы. Іх сямейная пара была ў ліку самых старанных і адказных паштавікоў раёна. Пайшоўшы на пенсію, Алешкі адчулі гармонію мернага вясковага жыцця, займаючыся агародамі ды невялікай гаспадаркай. Так спакойна і нетаропка яны жылі да сёлетняга лета, пакуль унук Ілля выпадкова не паказаў бабулі фота ў інтэрнэце. Там красавалася вясковая хата, аздобленая стракатым арнаментам з пластмасавых коркаў.

Тады і прачнуўся ў душы Алены Аркадзьеўны той самы мастак-выдумшчык, заахвоціўшы яе даць фору невядомаму авангардысту з інтэрнэту. Гэту ідэю з энтузіязмам падтрымаў муж. Уся вёска пачала прыносіць Алешкам пластмасавыя коркі. Далучыліся да збіральніцтва неабходнага матэрыялу і сваякі. Вечарамі сям’я “чаравала” над эскізамі будучай кампазіцыі. На паперы па клетачках наносіліся выявы каня, лебедзяў, гусака, сабакі, пеўня, качкі з качанятамі, праводзіліся складаныя матэматычныя разлікі. Справіцца з нялёгкай геаметрыяй, разабрацца ў прапорцыях дапамагаў унук Ілля Мешчанок: балазе, хлопец-дзевяцікласнік выдатна малюе, займаецца ў выяўленчай студыі Валожынскай школы мастацтваў.

Гаспадар дома Уладзімір Уладзіміравіч так натхніўся гэтай задумкай, што кожны дзень прачынаўся да ўсходу сонца, і, як толькі віднела, ён з імпэтам браўся за работу: за дзень паспяваў прыбіць ля тысячы коркаў.

Арыгінальную ідэю атрымалася ўвасобіць у жыццё да сярэдзіны восені. Усё пластмасавае хараство на сценах дома трымаюць 15 кілаграмаў цвікоў, на куплю якіх пайшоў амаль  мільён рублёў.

Але на гэтым творчыя фантазіі Алешкаў не заканчваюцца. У хаце на падлозе ўжо сабрана выява “Волата” – зубра ў спартыўнай форме на каньках і з клюшкай – эмблемы Чэмпіянату свету па хакеі, што прыме Мінск у маі будучага года.

Арнаментам з коркаў гаспадар плануе таксама ўпрыгожыць плот ля хаты. Праўда, суседзі дзяліцца пластмасавым матэрыялам неспадзявана перасталі. “Відаць, для сябе збіраюць, таксама задумалі нешта падобнае”, – робіць здагадкі Уладзімір Уладзіміравіч. Хто ведае, можа, у Брыльках з’явіцца яшчэ парачка такіх казачных дамоў?

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий