УШАНАВАЛI ПАМЯЦЬ IНТЭРНАЦЫЯНАЛIСТА

Культура

На мінулым тыдні ў Ракаўскай сярэдняй школе прайшла ўрачыстасць з нагоды адкрыцця ў навучальнай установе мемарыяльнай дошкі ў гонар воіна-інтэрнацыяналіста Івана Мазуры. Ушанаваць памяць земляка прыехалі ветэраны вайны ў Афганістане, прадстаўнікі ўлады раёна.

…Прысутнічала на мерапрыемстве і маці Івана – Алімпіяда Уладзіміраўна. Так сталася ў жыцці маці, што не сын ёй, а яна яму носіць кветкі. Трыццаць адзін год на магіле Івана Вацлававіча стаяць пышныя букеты, трыццаць адзін год не знаходзіць супакою сэрца Алімпіяды Уладзіміраўны.

І ў тыя першыя хвіліны, як адкрывалі мемарыяльную дошку, яна не змагла стрымаць слёз. Моўчкі спачувалі матулі школьнікі і педагогі, глыбокае маўчанне панавала сярод воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Іван Мазура нарадзіўся непадалёк ад Ракава – у вёсцы Ратынцы ў 1962 годзе.  Юнаку споўнілася дваццаць гадоў, калі яго прызвалі на службу. Родныя ведалі, што яго накіроўваюць у Афганістан. Але не падазравалі, што служба акажацца такой кароткай. Трохі больш за тры месяцы праслужыў ракаўчанін-снайпер. Менавіта таго, хто ведаў пра зброю практычна ўсё і ўмеў з ёй абыходзіцца, знайшла шалёная душманская куля.

Гэтыя шчымлівыя падрабязнасці расказаў прысутным на ўрачыстасці старшыня раённага савета ветэранаў Рыгор Мікалаевіч Русакевіч. Ён і астатнія выступоўцы былі салідарныя ў адным: хоць кожны год аддаляе ад нас дату ваенных дзеянняў, нельга забываць пра жахі, якія тоіць у сабе любая вайна. Як мінімум для таго, каб не паўтараць памылак мінулага, каб цаніць самае дарагое, што маем сёння – жыццё ў міры і згодзе. «А маладое пакаленне выдатна разумее гэту ісціну», – у гэтым запэўніла прысутных прадстаўніца пярвічкі БРСМ Ракаўскай школы Карына Жадзейка.

Педагагічны калектыў і вучні падрыхтавалі невялікі канцэрт, прачулымі выступленнямі ўшанавалі памяць земляка. Затым усіх прысутных чакаў салодкі стол. Карыстаючыся магчымасцю, карэспандэнты папрасілі Алімпіяду Уладзіміраўну Мазуру падзяліцца ўспамінамі пра сына. Не ўтойваючы слёз, жанчына прызналася, што да гэтай пары не можа змірыцца са страшнай стратай. “Уключаю тэлевізар – і ў кожнай перадачы пра Афганістан, здаецца, бачу свайго Ванечку. Быццам яго постаць штораз прамільгне вунь там, далёка, на заднім плане”, – гаворыць матуля.

Сёння Іван узіраецца з чорнага каменя мемарыяльнай дошкі. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” І. В. Мазура з вечнасці заклікае шанаваць мір, за які ахвяраваў жыццё…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий