УЗАЕМАДЗЕЯННЕ З ЦАРКВОЙ

Официально

На базе раённага аддзела адукацыі прайшла вэб-канферэнцыя на тэму: “Узаемадзеянне школы з праваслаўнай царквой”.

Сустрэча ў рэжыме онлайн была арганізавана па ініцыятыве Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра ў рамках дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва сям’і і праваслаўнай царквы. У ёй прынялі ўдзел кіраўнікі рэгіянальных метадычных аб’яднанняў, дырэктары школ, намеснікі дырэктараў па вучэбнай рабоце, педагогі дадатковай адукацыі, святары. Падчас канферэнцыі працавала шэсць вэб-пляцовак: у Валожыне, Стоўбцах, Слуцку, Чэрвені, Жодзіне і Мінску. Наш раён прадстаўлялі кіраўнік раённага методаб’яднання, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 Ірына Сцяпанаўна Жытарук і клірык Валожынскага благачыння, настаяцель Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Доры іерэй Павел Францішчык. Разам з нашымі прадстаўнікамі на інтэрнэт-канферэнцыі на базе РАА прысутнічалі педагогі Мядзельскага, Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў.

Вэбінар доўжыўся каля дзвюх гадзін, дзе яго ўдзельнікі дзяліліся назапашаным вопытам узаемадзеяння царквы і школы, абменьваліся сваім бачаннем выхаваўчых праблем. “Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць бацькам на рэгулярных бацькоўскіх сходах, – прапанаваў айцец Павел, – бо досыць часта змораныя пасля працоўнага дня бацькі пакідаюць сваіх дзяцей пад апекай мас-медыя. Гэта недапушчальна, так як інфармацыя, якая праходзіць праз свядомасць сучаснага падрастаючага пакалення, нярэдка носіць негатыўную афарбоўку. Але ж мы добра ведаем з жыццёвага вопыту: што пасееш, тое і пажнеш”.

Заключнае слова было прадастаўлена метадысту аддзела метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Т. А. Пятроўскай, якая падкрэсліла неабходнасць у далейшым правядзення падобных сустрэч, што садзейнічаюць распаўсюджванню станоўчага вопыту царкоўна-дзяржаўнага супрацоўніцтва.

Як расказала пасля кіраўнік раённага методаб’яднання І. С. Жытарук, такая форма работы выклікае вялікую цікавасць і прыносіць значную карыць, бо можна на месцы, нікуды не выязджаючы, абмяняцца сваімі напрацоўкамі, павучыцца чамусьці новаму ў калег. Дарэчы, як высветлілася, у некаторых раёнах вобласці створаны цэнтры выхавання праваслаўнай культуры. У нашым раёне таксама распрацаваны сумесны праект у гэтым накірунку: “Сям’я, школа, маральнасць”, які ажыццяўляецца на базе першай гарадской школы. “Прымушаць мы нікога не можам, тут патрэбна ўзгодненасць з сям’ёй, – расказала Ірына Сцяпанаўна. – Таму мы працуем праз бацькоў, якія пісалі пісьмовую заяву, каб іх дзеці наведвалі факультатыўныя заняткі. Дзеля гэтага быў падрыхтаваны педагог, які прайшоў спецыяльныя курсы. Сёлета ўжо адбыўся першы выпуск школьнікаў, якія наведвалі заняткі на працягу чатырох гадоў – з 7-га па 11-ты класы. Праца прынесла добры плён, бо дзеці пазнаёміліся са шматдзетнымі сем’ямі некаторых святароў Валожынскай акругі, пабывалі ў іх дома, пагутарылі з дзецьмі, што паказвала станоўчы прыклад у выхаванні. Таксама самі святары неаднойчы прыходзілі на факультатывы ў школу. Цяпер у нас у школе працуе такі ж факультатыў на базе 5-га класа па прывіцці праваслаўнай культуры. Па словах дзяцей, заняткі прыносяць ім сапраўднае задавальненне”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 



Добавить комментарий