УМЕННЕ БЫЦЬ САЛДАТАМ

Официально

Прызыўная кампанія ў рады Узброеных Сіл “Восень-2013”, якая стартавала яшчэ ў жніўні, падышла да завяршэння. У сярэдзіне лістапада каля 120 маладых людзей Валожыншчыны стануць салдатамі, адправіўшыся выконваць свой воінскі абавязак у розныя куткі нашай краіны. Навабранцы з вышэйшай адукацыяй будуць несці тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве адзін год. Хлопцы, у якіх яшчэ няма дыплома ВНУ, акунуцца ў вайсковыя будні на 18 месяцаў.

На фінішнай прамой прызыўной кампаніі традыцыйна і ўрачыста прайшоў “Дзень прызыўніка”. У зале РЦК перад будучымі абаронцамі Айчыны выступіў ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята Юрый Вітальевіч Нахай. Даўшы прызыўнікам наказ на дарогу, ён зазначыў, што на салдат кладзецца вялікая адказнасць: за кароткі час ім прыйдзецца засвоіць тое, што некалі іх дзяды вывучалі сем гадоў, а бацькі – два гады.

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Мікалай Іванавіч Корж падзяліўся з прызыўнікамі карыснымі парадамі для ўдалай, паспяховай службы, зрабіў акцэнт на тым, каб юнакі бераглі гонар нашага раёна, бо да гэтага часу ўсе водгукі, якія прыходзяць з воінскіх часцей рэспублікі ў адрас нашых землякоў – толькі станоўчыя.

Быць гонарам для сваіх бацькоў, праявіць сябе добрымі справамі пажадала прызыўнікам сакратар раённага камітэта “БРСМ” Алена Грыбоўская.

Намеснік пракурора раёна Сяргей Анатольевіч Габруковіч адзначыў, што вясенняя прызыўная кампанія ў раёне прайшла без выпадкаў ухілення ад службы ва Узброеных Сілах. А вось у адным з гарадоў Мінскай вобласці, напрыклад, адбыўся паказальны суд над хлопцам-ухілістам. Юнак атрымаў 120 базавых велічынь штрафу, але ёсць і іншы варыянт пакарання за такую правіну з боку патэнцыяльных прызыўнікоў – пазбаўленне волі тэрмінам да двух гадоў.

На мерапрыемства ў РЦК завіталі і салдаты мясцовай вайсковай часці. Яны расказалі пра вайсковыя будні і правялі традыцыйныя конкурсы, дзе прызыўнікі змаглі паспаборнічаць з радавымі ў спрыце і хуткасці падчас зборкі-разборкі аўтамата, абірання бульбы, памерацца сіламі ў штурханні гіры. Прызыўнік Аляксандр Бекіш з Валожына падняў гіру 55 разоў, тым самым даўшы фору салдату-спартсмену з вайсковай часці.

Хочацца спадзявацца, што прызыўнікі будуць таксама годна і высакародна выконваць свой воінскі абавязак, як наш зямляк сяржант Сяргей Іванавіч Мазала, што служыць у ваеннай часці пад Кіяўцом, бацькам якога ад камандавання на днях прыйшло падзячнае пісьмо за ўзорную службу сына.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий