За гадзіну паспее шмат

Культура

Разетка сапсавалася, краны пацяклі, мэблю трэба сабраць,  памыць дах, папілаваць дровы… Нібы справа простая, а сам не зробіш – то сіл няма, то не ўмееш. Але зараз гэта не праблема! З’явілася на Валожыншчыне новая паслуга “Майстар на гадзіну” ў асобе Сяргея Іванавіча Сцепаненкі.

Мы толькі што засяліліся і з-за недахопу часу не маглі ўсё як след спарадкаваць, а хацелася хутчэй жыць у камфорце. Прачытаўшы ў раённай газеце аб’яву, рызыкнула запрасіць майстра сабраць шафу.

Прыехаў усмешлівы малады чалавек. Ад колькасці інструментаў застракацела ў вачах. Чаго там толькі не было… І закруцілася ўсё ў руках майстра. Тэмп работы зачараваў. Хоць шафа была вялікіх памераў, за гадзіну яна была сабрана. “Я ж майстар на гадзіну! За гэты час павінен усё паспець,” – усміхнуўся Сяргей. Потым ён і стол сабраў, і люстру павесіў. І ўсё было зроблена моцна, трывала, якасна.

Мы разгаварыліся… Сяргей вырас у Каштаноўцы ў сям’і трактарыста Івана Васільевіча, мама Рэгіна Паўлаўна працавала бухгалтарам. Дзядуля Павел прывіў унуку не толькі любоў да працы, але і навучыў па-майстэрску рабіць усё. Вучыўся Сяргей у школе № 2 горада Валожына. З удзячнасцю помніць настаўнікаў, з асаблівай  цеплынёй у душы  ўспамінае настаўніка працы Івана Антонавіча Гедроіця, які далей развіваў яго працоўныя навыкі. Служыў у войску ў Маладзечне. Пасля службы, закончыўшы каледж па спецыяльнасці юрыст-прававед, працаваў міліцыянерам-кінолагам, а таксама ў групе затрымання аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

— Цікавая была работа, – успамінае Сяргей, – але гэта не маё. Крадзяжы, пагоні, затрыманні закончыліся 12-цю гадамі службы і звальненнем па згодзе двух бакоў. Падштурхнула яшчэ і тое, што нарадзілася трэцяя дачушка Сашанька (сам я адзін рос у сям’і, таму заўсёды марыў мець шмат дзяцей). Хацелася больш быць з сям’ёй, а праца ў міліцыі забірала ўвесь час. Вось і надумаў заняцца прадпрымальніцтвам. А тут яшчэ адзінокая суседка прыйшла – кран зламаўся. Парамантаваў, а сам задумаўся: “Колькі ж такіх людзей, якія патрабуюць дапамогі? Такім чынам, канчаткова рашыў дапамагаць людзям. Аформіў патрэбныя дакументы, зарэгістраваўся. Даў аб’яву ў газету. Праўда, сумняваўся, што справа наладзіцца. Але праз два дні пайшлі званкі і заказы. Умераныя цэны на паслугі заказчыкам спадабаліся. Хоць пакуль і не акупляюць затрат, але, думаю, час возьме сваё. Галоўнае –  людзі задаволеныя, і сям’і ўдзяляю больш увагі. Стаў расшыраць спектр паслуг.

— А як са стомленасцю змагаецеся?, – развітваючыся, спытала я. – Гэта ж цяжкавата.

— Адпачываю ў дарозе, здымае стомленасць радасць людзей, іх удзячнасць.

Лёгка стала ў мяне на душы ад яго прыходу. Не перавяліся яшчэ залатых рук майстры, якія нясуць радасць — умеюць адгукнуцца на людскія патрэбы і прыйсці на дапамогу.

Ірына Храмцова,

вёска Гародзькі.

 



Добавить комментарий