Пакрыўджаныя наследнікі

Закон и порядок

У суд для абароны сваіх спадчынных інтарэсаў звярнуліся Пётр і Ганна, дзеці памерлага Сяргея. Брат і сястра пахавалі бацьку, справіўшы памінкі на дзевяць і сорак дзён, рашылі, што пара падзяліць спадчыну: дом з гаспадарчымі пабудовамі, зямельны надзел, аўтамабіль, бытавую тэхніку і грошы на банкаўскім рахунку.

Поўнай нечаканасцю стала для іх звестка, што перад смерцю бацька завяшчаў усю рухомую і нерухомую маёмасць зусім чужому, невядомаму сваякам чалавеку. У іскавай заяве пакрыўджаныя наследнікі прасілі суд прызнаць завяшчанне несапраўдным па прычыне недзеяздольнасці бацькі і замацаваць за імі права на спадчыну па закону. Пачаліся судовыя разборы…

Сяргей адносіўся да той катэгорыі людзей, пра якіх кажуць: “Да чаго не даткнецца, усё робіцца золатам…” Яму пашчасціла застацца з прыбыткам нават у тыя смутныя часы, калі грашовыя зберажэнні іншых “згарэлі”. Яго сям’ю не дарма лічылі заможнай. Але неўзабаве і Сяргею давялося пераканацца на асабістым вопыце, што багацце не сінонім шчасцю.

Пасля цяжкай, працяглай хваробы памерла жонка. Застаўшыся адзін, Сяргей вельмі хутка адчуў усе складанасці ўдаўства. Раней ён часта любіў паўтараць: “Жонка толькі траціць грошы ўмее, а зарабіць бабскага розуму не стае! На мне ўсё трымаецца!” Аказалася ж, што правільна траціць грошы не менш складаная навука, чым іх зарабляць. Яго радавое гняздо, якое ён так старанна будаваў, паступова рабілася няўтульным, дзеці прыязджалі ўсё радзей, а сам Сяргей неяк незаўважна, пакрысе пачаў прыкладвацца да бутэлькі, якая стала адзінай радасцю. Кожны візіт сына і дачкі заканчваўся скандалам. Дзеці ўшчувалі бацьку за п’янства, за тое, што апусціўся сам і не падтрымлівае парадак у хаце. Цярпець такую непавагу Сяргей не мог. Хіба гэтаму яны з жонкай вучылі дзяцей? Адносіны паміж самымі блізкімі людзьмі сапсаваліся ўшчэнт, а іх сустрэчы і зусім спыніліся. Праўда, калі-нікалі ў Сяргея пранізліва званіў тэлефон, і сын ці дачка цікавіліся яго здароўем. Бацьку тыя размовы вельмі раздражнялі.

– Што, смерці маёй дачакацца не можаце? – крычаў у трубку Сяргей.

– Правільна, Сяргей, вучы іх розуму, – падтрымліваў сабутэльніка Іван, адзіны чалавек, з якім Сяргей ніколі не сумаваў.

Сяргей спачуваў Івану: вельмі добры чалавек і такі няшчасны. Колькі на яго розных бед абрушылася! І з кожным днём знаёмства Сяргей усё больш і больш пераконваўся, што ён проста абавязаны дапамагчы Івану. Ён сам і прапанаваў пайсці да натарыуса, каб скласці завяшчанне на карысць вернага сябрука…

Гэта потым той верны сябрук нават на пахаванне не явіцца, бо, як прызнаецца ў судзе, адпачываў з сям’ёй у Турцыі.

Суд не знайшоў падставу, па якой завяшчанне можна было б прызнаць несапраўдным. Ні сын, ні дачка не атрымалі нічога на памяць пра бацькоўскі дом, пра тыя часы, калі яны ўсе жылі разам і былі шчаслівыя. Іван, у сваю чаргу, мукамі сумлення не пакутаваў, рашэнне суда яго цалкам задаволіла.

Цікавае меркаванне выказаў адзін са сведак, які даваў тлумачэнні па справе: “Добра, што Сяргей надмагільны помнік адразу на дваіх паставіў і пра абгародку паклапаціўся, а то ляжаў бы, як нікому не патрэбны…”

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий