САКРЭТ ПОСПЕХУ ЯМУ ВЯДОМЫ

Общество

Адміністрацыя СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці вызначыла лепшых спецыялістаў і накіравала хадайніцтвы аб іх узнагароджанні ў вышэйстаячыя інстанцыі. У спісах лідараў і заатэхнік  Аляксандр Леанідавіч Рубацкі, які за плённую працу прадстаўлены да Ганаровай граматы міністэрства.

Такое рашэнне з боку дырэктара сельгаспрадпрыемства – узважанае, і сапраўды, заслужанае. Аляксандр Леанідавіч за час сваёй працы сфарміраваў надзейны і ўмелы калектыў, сумесна ўдалося забяспечыць выдатныя паказчыкі на адкорме цялят. У прыватнасці, у кастрычніку сярэднясутачная прывага будучага папаўнення дойнага статку склала 1 кілаграм 91 грам! Ужо на працягу даволі доўгага часу бабровіцкія жывёлаводы выходзяць на першыя пазіцыі ў раёне. А. Л. Рубацкі кажа, што гэта – вынік асабістай зацікаўленасці работнікаў у сваёй справе. Чым большыя прывагі – тым большыя і прэміі. Лідары ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва – сям’я Кульваноўскіх. У адкорме цялят імі дасягнуты высокія вынікі, за што маюць зарплату каля 8 мільёнаў рублёў. Трохі адстае ад іх сямейны падрад Шакуноў – іх “падапечныя” набіраюць за суткі ў сярэднім па 943 грамы.

Не трэба Аляксандру Леанідавічу браць кансультацыю па пытаннях утрымання жывёлы і стварэнні для іх камфортных умоў. Працавіты і адказны заатэхнік даўно стаў тым стрыжнем, вакол якога збіраюцца гэткія ж, як і сам, людзі. Ураджэнец гэтай зямлі, ён усёй душой перажывае за давераны ўчастак работы. Вынік гэтых перажыванняў з кожным годам прымнажае добрую славу ўсяго сельгаспрадпрыемства.

Выпускнік Ільянскага сельскагаспадарчага тэхнікума, А. Л. Рубацкі працуе тут з 1986 года. Як прызнаецца, напачатку было шмат праблем, ды яны паступова самі па сабе зніклі з прыходам талковых работнікаў, якія цвёрда прытрымліваюцца тэхналогіі адкорму і дысцыплінавана захоўваюць зацверджаны распарадак дня. Пад кіраўніцтвам заатэхніка працуюць 8 чалавек, за гэтымі рупліўцамі замацаваны статак у 650 галоў. Калі кожная з танканогіх няскладных “рабавак” дасягне вагі звыш 550 кілаграмаў, яна папоўніць дойны статак сельгаскааператыву. У сярэднім, на гэта калектыву Аляксандра Леанідавіча патрабуецца 18 месяцаў самаадданай працы. На плечы ж кіраўніка дадаткова кладуцца і іншыя клопаты, шматлікія вытворчыя справы, якія патрабуюць аператыўнага рашэння.

Застаецца толькі дзіву давацца, як у мужчыны стае сіл выкраіць час яшчэ і на любімыя заняткі. А іх у Аляксандра Леанідавіча два – паляванне і рыбалоўства. Жыць каля лесу і не схадзіць туды на промысел, мужчына лічыць проста недапушчальным. Так павялося з самага маленства, таму сёння яму прырода даверыла нямала сваіх таямніц і штораз шчодра дзеліцца багаццем. З усмешкай прыгадвае, што клыкі дабытых дзікоў раздаваў як сувеніры яшчэ ў тую далёкую пару, калі вучыўся. А адным з нядаўніх злоўленых трафеяў стаў пяцікілаграмовы шчупак… Сёння захапленне бацькі падзяляе і сын. Разам яны не толькі бываюць на цецеруковых такавішчах або вудзяць вялікую і маленькую рыбку, але і актыўна садзейнічаюць узбагачэнню жывых прыродных рэсурсаў. Напрыклад, не палічылі за цяжкасць купіць і затым выпусціць у адну з мясцовых сажалак малькоў таўсталобіка, карпа, карася. Няхай растуць ды мажнеюць на радасць вачам!

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий