СВЯТЛО ДРЭВА ЧАС НЕ ПРЫГЛУШЫЦЬ…

Люди и судьбы

Да 120-годдзя з дня нараджэння майстра.

Прыемна ўспамінаць пра чалавека, які быў для цябе не толькі бясспрэчным аўтарытэтам у творчасці, але і блізкім па духу сябрам, хаця ўзроставая мяжа сягала каля шасцідзесяці сонцазваротаў.

У ягонай майстэрні, напоўненай цёплым водарам дрэва, мы маглі бясконца весці бяседу, атрымліваючы асалоду ад узаемаразумення ў пытаннях гісторыі, літаратуры, культуры. Нас яднала ідэя адраджэння Бацькаўшчыны. На даляглядзе – 70-я гады мінулага стагоддзя. Адбылася першая персанальная выстава Майстра  ў Мінску, якая прынесла заслужаную вядомасць аўтару на Радзіме.

Творчая спадчына Апалінара Фларыянавіча Пупко (12.ХI.1893 – 18.IV.1984) ужо належыць гісторыі і ўяўляе неацэнны пласт духоўнай і матэрыяльнай культуры нацыі. Івянецкая зямля дала Беларусі таленавітага творцу – носьбіта найкаштоўнейшых, глыбінных традыцый народнага разьбярства, самабытнага мастака-жывапісца, адмысловага графіка. Будучы прадстаўніком рэнесансу беларускай культуры пачатку ХХ ст., ён усёй сваёй творчасцю аддана служыў ідэі беларушчыны, таму яго працы знаходзяць жывы водгалас у сучасным працэсе развіцця народнага мастацтва.

Ён паходзіў з вядомага роду Пупкаў, які славіўся сваімі патомнымі майстрамі-мулярамі, ганчарамі, разьбярамі, чырванадрэўшчыкамі. З малаком маці ўвабраў у сябе дух таго творчага асяроддзя, што быў уласцівы Івянцу, як буйнейшаму цэнтру народнага мастацтва, росквіт якога прыпадае на дзіцячыя і юнацкія гады Апалінара. Усё яго доўгае і плённае жыццё прайшло ў мястэчку, за выключэннем двухгадовай вучобы ў прыватнай гімназіі ў Мінску ды нешматлікіх вандровак у Вільню разам з братам Вацлавам, які друкаваў свае допісы ў “Нашай Ніве” пад псеўданімам Хвэлька з Івенца.

Прафесійнай мастацкай адукацыі Апалінар не атрымаў, але дадзены Богам талент патрабаваў самавыражэння праз мастацкія вобразы. З дзяцінства з вялікай асалодай ён піша эцюды родных краявідаў акварэллю, лепіць з гліны, рэжа па дрэве, робіць малюнкі каляровымі алоўкамі.

Пасля заканчэння Івянецкага чатырохкласнага гарадскога вучылішча яму давялося паспытаць хлеба з працы рахункавода. Затым выкладаў маляванне ў школе, кіраваў выяўленчым гуртком пры Доме піянераў.

Бацькоўская хата была для яго акадэміяй жыцця, тут сфарміраваўся яго творчы і грамадзянскі светапогляд. Фасад хаты-музея ўпрыгожаны разьбянымі карыятыдамі і ліштвамі. Побач узвышалася манументальная брама: на слупах-вушаках – рэльефныя выявы гусляра і жняі, над стрэшкай – аб’ёмная фігура арла з распрасцёртымі крыламі, па цэнтры сіметрычных створак – дэкаратыўныя галовы львоў.

Уваход у веранду аздоблены рэльефамі сейбіта і местачковай мадонны з немаўляцем на руках. Шыбы размаляваны дэкаратыўнымі расліннымі букетамі пад вітраж. У самой верандзе ўсё было застаўлена скульптурамі і завешана жывапіснымі пейзажамі.

Сенцы-гасцёўня нагадвалі фонды музея, дзе можна было сустрэць культавую ўніяцкую скульптуру ХVIII стагоддзя.

Сцены і столь залы ўпрыгожаны роспісамі на гістарычную і міфалагічную тэматыку. Арганічна ў інтэр’ер упісаліся каміны, выштукаваныя з рэльефнай кафлі ХIХ ст. і разьбяныя творы Апалінара.

Працы маэстра захоўваюцца ў музеях Мінска, Раўбічаў, Маладзечна і прыватных зборах. А ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адведзена асобная зала пад экспазіцыю твораў А. Ф. Пупко.

Дзякуючы намаганням дачкі, якая вярнулася ў Івянец, на сядзібе ствараецца прыцягальны музей для наведвальнікаў.

Алег Раманоўскі.

Фота з архіва аўтара

 



Добавить комментарий