ПАРАДНIЛАСЯ З ВIШНЕЎШЧЫНАЙ

Культура

30 гадоў таму адна з лепшых жывёлаводак ААТ “Агра-Вішнеўскі” пераехала з Цюмені і стала сваёй у беларускай вёсцы…

Хоць і прозвішча яна мае беларускае – Стасяловіч, – а ўжо з першых хвілін размовы адчуваецца, што мая субяседніца не тутэйшая. Ад акцэнту карэннай расіянкі так і не пазбавілася, хоць у Вішневе пражыла ўжо трыццаць гадоў.

На крылах летуценнага кахання ў пару далёкай маладосці трапіла сібірачка Галіна ў гэту вёску. У Цюмені некалі служыў яе суджаны. Там і пазнаёміліся. Сустракаліся, пакуль абраннік нёс тэрміновую службу. Затым доўгі час перапісваліся.

Шчыраму каханню дзяўчыны скарыліся тысячы кіламетраў, якія тады раздзялялі гэтых людзей. Аднойчы Галіна рашуча сабрала вялікі чамадан – наколькі мог вытрымаць груз яе тонкі дзявочы стан, і падалася ў далёкую незнаёмую дарогу. Тады яна і не думала, што ад’язджае з Цюмені назаўсёды. Тады нават і не ўяўляла, што толькі раз у дзесяць гадоў, а то і радзей, давядзецца бываць дома, бачыцца з роднымі, бацькамі. Маці аднойчы не вытрымала: захацела паглядзець, як жыве дачка на чужыне, і прыехала ў Вішнева. Маляўнічая вёска, яе прыветныя жыхары, новыя сваякі тады вельмі спадабаліся. А пасля ёй цяжка было развітвацца перад ад’ездам, змірыцца з разлукай з роднай дачкой. Гэта гнятлівае пачуццё не згладзілі і гады. У глыбокай старасці яна ўжо не можа рашыцца на чарговую паездку ў Беларусь. У асноўным пра жыццё-быццё распавядаюць па скайпу, ды і паслужлівы тэлефон таксама незаменны памочнік. Штомесяц Галіна Аляксандраўна за тэлефонныя размовы са сваімі расійскімі сваякамі плаціць каля 200 тысяч рублёў. Дарагавата, але грошы не вартыя шчаслівых хвілін еднасці з маці, радасці ад пачутага мілага сэрцу голасу.

Туга па краі, дзе з’явілася на свет, жыве ў сэрцы маёй гераіні. Гэта настальгічнае пачуццё не адпускае яе. Нават пры мне слёзы

.

паказаліся ў вачах, калі Галіна Аляксандраўна ўспомніла Цюмень. Але  жанчына ўжо цвёрда ведае, што на пераезд дадому яна ўжо ніколі не рашыцца. Родны дом у Вішневе – гэта надзейны якар, кінуты ў бясконцым моры жыцця.

Яна даражыць Вішнеўшчынай, дзе нарадзілася двое яе слаўных дзетак, якія выраслі і ўжо падарылі ёй любімых унукаў. Дзеля гэтых родных людзей яна і стараецца жыць самаахвярна, не шкадуючы сябе ў нялёгкай працы. Магчыма, таму, што яе маці жыве так далёка, Галіна Аляксандраўна падвоеную пяшчоту свайго сэрца аддае дзецям, унукам. Нашчадкі асталяваліся ў Мінску, але Аляксандр і Вольга часта едуць дадому, дзе раслі, вучыліся, дзе іх заўсёды чакае родны чалавек.

У маладосці Г. А. Стасяловіч вывучылася на прадаўца. Нейкі час працавала ў пяршайскім магазіне. А потым канчаткова перабралася сям’я ў Вішнева. Выбару ў працаўладкаванні ў вёсцы асаблівага не было. Вакантнымі аказаліся толькі месцы жывёлаводаў. Яна і не супраціўлялася волі лёсу: пайшла на ферму.

Спачатку шчыравала на свінакомплексе, затым перакваліфікавалася ў даяркі. Галіна не прывыкла ў жыцці выбіраць, шукаць, дзе больш выгадна і лёгка. Таму, відаць, не выпадкова менавіта ёй на ферме заўсёды і дастаюцца групы першацёлак. Хто звязаны з працай на ферме, ведае наколькі няпроста асіліць гэты вытворчы ўчастак.  Каб раздаіць першацёлак, забяспечыць высокую прадукцыйнасць кароў, патрабуецца не толькі элементарнае старанне, а і вялікае цярпенне, вытрымка, нават далікатнасць у абыходжанні з жывёлай. Галіна старалася адпавядаць гэтым патрабаванням. І паступова ўсё стала наладжвацца. Прыйшлі ўпэўненасць, сілы. І цяпер штораз, калі на ферме фарміруюцца новыя групы дойнага статку, Галіна свядома выбірае самы нялёгкі і адказны ўчастак, які стараюцца абмінуць іншыя жывёлаводкі. Толькі ёй самой вядома, колькі фізічных сіл, спрыту аддадзена справе, і ў выніку цябе ўжо заслужана называюць у ліку лепшых жывёлаводаў ААТ “Агра-Вішнеўскі”.  Хаця да прызнання, пашаны і лідарства Галіна Аляксандраўна мэтанакіравана ніколі не імкнулася. Яна проста шчыра і сумленна працавала!

Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, калі кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства разважліва выбірала кандыдатуры лепшых працаўнікоў для раённай прэсы, у ліку першых была названа даярка з фермы “Букатова” Г. А. Стасяловіч.

У дзень нашай камандзіроўкі нам не складала цяжкасці сустрэцца з гераіняй гэтай заметкі: у Галіны акурат быў законны выхадны. Засталі мы нашу субяседніцу ў падворку сядзібы. Тут вырашылі і пагутарыць, тут шукалі найбольш удалы ракурс для будучага фота. Раптам дзіцячы галасок раздаўся з веранды. Аказалася, што ў госці прыехала дачка з Юліяй і Даніілам. Мая субяседніца прапанавала зайсці ў хату, паглядзець, як яны жывуць, пазнаёміцца са сваякамі. З парога ўтульнага жылога пакоя бабулю абляпілі гарэзы-ўнукі. Я з замілаваннем глядзела на гэту сямейную ідылію. А потым неяк само сабой нарадзілася і гэта фота ў дамашнім інтэр’еры. Родныя для Галіны Аляксандраўны – найбліжэйшыя сэрцу людзі. Дзеля іх яна жыве, працуе.

У хаце акуратна, з густам аформлены сучасны інтэр’ер. Тут утульна і гасцінна. Тут пры выпадку ладзяцца дружныя застоллі. А ў нязменных фаварытах на стале дзве стравы – беларускія дранікі і рускія пельмені, прыгатаваныя па фірменным рэцэпце. І на Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі Галіна Аляксандраўна таксама не стане здраджваць гэтай кулінарнай традыцыі. Для гасцей – гэта апетытны пачастунак, а для здольнай гаспадыні – гэта яшчэ і крышачку цяпла ўспамінаў з далёкай і любімай Сібіры…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий