У ЯГО АБЕДЗВЕ РУКI – ПРАВЫЯ

Культура

Так метафарычна можна ахарактарызаваць сілу волі чалавека, які, нягледзячы на траўму, лічыцца добрым гаспадаром.

Прытармазіўшы ля аднаго з дамоў у вёсцы Шчаўканы, што ў Валожынскім сельсавеце, мы павіталіся з незнаёмым чалавекам, які корпаўся ў двары ля малагабарытнай тэхнікі. Мужчына адпаведна пракаментаваў сітуацыю: “Вось стаўлю тэхніку на зімоўку! Каб вясной была ў поўнай баявой гатоўнасці!”. Ужо па гэтых словах інтуітыўна адчувалася: відаць, мы маем справу з прафесійным механізатарам. Так і аказалася на самой справе…

Валерый Піліпавіч Трапашка ўсё свядомае жыццё аддаў тагачаснаму прыгараднаму калгасу імя Леніна. За доўгую гісторыю свайго існавання гэта гаспадарка не раз змяняла назву, але даўнейшая, якую сельгаспрадпрыемства мела працяглы час, нібы прыклеілася ў людской памяці і стала вызначальнай.

Наш субяседнік ужо на пенсіі. Дваццаць пяць гадоў быў шафёрам, працаваў і трактарыстам. Скалясіў амаль усю Беларусь, бо ў асноўным дастаўляў розныя дэталі і механізмы для сельгаспарка былога калгаса. Любая тэхніка падуладна яго ўмелым рукам. Вось і нядаўна быў у Мінску. Папрасілі прыгнаць з завода ў гаспадарку магутны пагрузчык “Амкадор”. Не рашыўся малады механізатар, які прывык толькі да прасёлкавых дарог, ехаць на такім “асілку” па ажыўленых вуліцах сталіцы, а затым і па  перапоўненай транспартам аўтамабільнай трасе. Валерый Піліпавіч з задавальненнем выручыў: прыгнаў “Амкадор”. Сэрца тады ўсцешылася: аказваецца, памятаюць пра яго, як пра вопытнага трактарыста да гэтага часу, раз звяртаюцца па дапамогу! Значыць, цэняць яго прафесіяналізм і спрактыкаванасць. Хаця, калі гаварыць пра спрактыкаванасць, то гэта будзе хутчэй выключэннем, чым правілам. Бо наш герой паўнацэнна валодае толькі адной рукой – правай. У выніку траўмы стаў інвалідам у 45 гадовым узросце. Будаваў жылы дом. Трэба было нарыхтаваць дошкі. Спяшаўся закончыць будаўнічыя работы як мага хутчэй. А ў таго, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, заўсёды дэфіцыт часу. Завіхаючыся ля цыркуляркі, не заўважыў вострага ляза, якое нібы збрыла пальцы левай рукі. Такі нечаканы жорсткі паварот лёсу паставіў кропку на яго механізатарскай прафесіі.

…Біяграфіі многіх людзей знітаваны з лёсам  гаспадарак, якія некалі там працавалі. Валерый Піліпавіч з удзячнасцю прыгадваў тагачасных кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства. Да гэтай пары ён трымае ў памяці і прозвішча былога майстра мясцовага прафтэхвучылішча А. В. Чарнаўчыца, які некалі цярпліва вучыў механізатарскай справе.

Наш субяседнік дасведчана разважаў і пра тое, як з гадамі кардынальна мяняўся тэхнічны арсенал аграпрамысловага комплексу. Прыпомніў нават патрыярха беларускіх палёў – гусенічны трактар “ДТ -54”, якім некалі прыходзілася кіраваць і дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў. Ва ўспамінах Валерыя Піліпавіча Трапашкі часта прысутнічае і далёкі таёжны Усурыйск. Там, у Расіі, некалі ён служыў у арміі. Расказвае, што маці не раз хадзіла ў ваенкамат і прасіла, каб накіравалі сына бліжэй да родных мясцін. Відаць, яе назойлівыя просьбы надакучылі, таму і прапанавалі такі нечаканы варыянт  армейскай службы…

У час нашай размовы галоўным прадметам  сумесных разваг міжволі была простая сялянская праца. Яна ў вёсцы заўсёды нялёгкая, утомная, часам да сёмага поту, асабліва вясной і ў перыяд уборкі ўраджаю. Ацэньваючы сваё мінулае і сваіх равеснікаў, наш герой не без пафасу зазначае: “Працавалі мы тады ад цямна да цямна. Не шкадавалі сябе. Моладзь жа цяпер не заўсёды згодзіцца з такім напружаным рэжымам!”

А мне падумалася, што дарэмна так песімістычна мяркуе Валерый Піліпавіч. Бо сённяшняя руплівасць маладых хлебаробаў гартавалася, усё ж дзякуючы бездакорнаму старанню вось такіх ветэранаў вытворчасці, як гэты адданы селянін – В. П. Трапашка і аграрыі яго пакалення. А хіба на ўрадлівым полі старання можа вырасці кволы колас сённяшніх поспехаў?! Таму і цяперашнім прадаўжальнікам працоўных традыцый таксама ёсць чым ганарыцца! І не толькі напярэдадні прафесійнага свята вяскоўцаў…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *