ЗА ПАГОНАМI – ЗАКОН, ВОПЫТ I ПАРАЗУМЕННЕ

Общество

Участковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Дзяніс Богдан не прывык шмат расказваць пра сябе. Куды больш гавораць за лейтэнанта яго справы.

Рабочы дзень Дзяніса Анатольевіча насычаны рознага роду клопатамі. Адміністрацыйны ўчастак – Валожынскі сельсавет – уключае сёння амаль 50 вёсак. Нягледзячы на тое, што за гэтай тэрыторыяй замацаваны тры ўчастковыя, працы хапае. Д. А. Богдан прымае і рэгіструе заявы ад грамадзян, наведвае праблемныя сем’і, абавязаных асоб, калі яны не выйшлі на працу, вядзе праверку раней судзімых грамадзян. Не скардзіцца, калі ў гадзіну ночы трэба падняцца і праверыць, ці добра нясе службу ахова на прадпрыемствах і ў гаспадарчых аб’ектах сельгаскааператываў – ці абыходзіць вартаўнік тэрыторыю, ці не спіць ён падчас працы. Сапраўды, нарміраваны рабочы дзень – гэта не пра міліцыю.

А яшчэ ў 2000 годзе юнак з Маладзечна і не ўяўляў, што звяжа жыццё са службай у органах унутраных спраў. Не думаў і пра тое, што другой радзімай стане суседняя Валожыншчына… Бухгалтар па адукацыі, першыя самастойныя крокі ў прафесію ён зрабіў у Заслаўі – быў пажарным мясцовай ПАВЧ. А затым стаў курсантам Магілёўскага каледжа МУС Беларусі. Пасля заканчэння ўстановы працаваў у ГРАУС Маладзечна, Упраўленні ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. Лёс распарадзіўся так, што два гады таму Дзяніс Анатольевіч пераехаў у Валожын. З новымі абавязкамі асвоіўся хутка: дапамог папярэдні вопыт службы.

Калі ўчастковы на сваім месцы, ведае ўсіх у твар, ведае, хто і чым займаецца, як жыве, тады і злачынствы на яго ўчастку практычна не здараюцца. Ну, а калі што і адбылося – раскрываюцца такія правапарушэнні на працягу кароткага часу. Д. А. Богдан трымае крымінагенную абстаноўку ў кантралюемых населеных пунктах у “яжовых рукавіцах”. Асаблівую ўвагу справядліва надае рэгуляванню канфліктаў у праблемных сем’ях. Дастаткова вялікая колькасць «разборак» на бытавой глебе прыводзіць да траўмаў каго-небудзь з іх удзельнікаў – гэта Дзяніс ведае з багатага ўласнага вопыту. Таму ўчастковы павінен яшчэ быць выдатным псіхолагам, які зможа своечасова выявіць праблемныя сем’і і правесці з імі прафілактычныя гутаркі. Не менш важная і прафілактыка злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Да кожнага чалавека, які пакутуе ад алкагольнай залежнасці, таксама патрэбны свой падыход. Бо ёсць людзі, якія ціха п’юць у адзіноце, а ёсць і такія, хто пачынае, “прыняўшы на грудзі”, скандаліць і буяніць. Трапляюцца алкаголікі, якія дзеля выпіўкі гатовы пайсці на злачынства. Сапраўды, іншы раз даводзілася ўчастковаму сутыкацца і з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Але праўда і справядлівасць заўсёды заставаліся на баку закона. Як прызнаецца Дзяніс Анатольевіч, шмат турбот дастаўляюць сваімі паводзінамі абавязаныя па Дэкрэту № 18 асобы. Такіх на яго ўчастку восем. Практычна палову з іх даводзіцца ледзь не “канваіраваць” на работу. Зразумела, цяжка клапаціцца пра дабрабыт тых, хто сам не зацікаўлены ў гэтым…

Аднак ёсць і прыемныя выключэнні. Д. А. Богдан расказвае пра жыхарку вёскі Ганчары Алену Лігорскую. Жанчына мела вялікія праблемы з алкаголем. Але ўжо год, як яна знайшла ў сабе сілы адмовіцца ад заганнай звычкі. Сёння Алена працуе ў КСУП “Сакаўшчына-Агра” і не мае праблем ні з законам, ні з уласным сумленнем. “Малайчына, – радуецца ўчастковы за сваю падапечную. – Вось з каго трэба браць прыклад астатнім абавязаным!”

Няпросты працоўны дзень участковага… А пасля яго такія, як Дзяніс Богдан, яшчэ працуюць з дакументамі… Нехта не вытрымаў такіх нагрузак, сышоў. А засталіся людзі, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю прафесію. Менавіта на гэткіх непрызнаных героях і трымаюцца парадак і спакой на давераных участках.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *