АДПАЧЫНАК IМ НАЗАЛЯЕ, А ПРАЦА РАДУЕ

Культура

Прыгажосць вабіць, акуратнасць – таксама. Дагледжаны падворак сям’і САЧКО адразу ж завалодаў нашай увагай падчас камандзіроўкі ў вёску Подбалаць. Ідэальна роўны зялёны газон вакол хаты, пабеленыя фруктовыя дрэвы, дэкаратыўныя хвойныя кусцікі, прыбраныя да зімы клумбы, чыстая плітка дарожак, – адразу разумееш: жывуць тут не лайдакі, а дбайныя гаспадары, працавітыя людзі.

Нават шэрыя фарбы восені не маглі засланіць дагледжанасць гэтага прысядзібнага ўчастка. Праўда, гаспадыня Ніна Фёдараўна, якую мы заспелі за працай у агародзе, засмуцілася і пашкадавала, што мы не ўбачылі прыгажосці, якая панавала тут улетку. А ў гэтую пару іх двор расцвітае. Больш за 30 кустоў руж цешаць вока і дораць свой тонкі водар, у духмянасці не саступаюць ім язмін і лілеі. Упрыгожваюць палісаднік жылога дома экзатычныя юка, асцільба, жоўтая маліна і мноства іншых рэдкіх прадстаўнікоў флоры. Такая любоў да раслін у гаспадыні невыпадковая: па спецыяльнасці Ніна Фёдараўна – аграном, аднак жыццёвыя сцяжынкі часам непрадказальныя. Зараз гераіня гэтай заметкі працуе раздатчыцай у дзіцячым аддзяленні раённай бальніцы.

Нібы баравікі, “сядзяць” на падворку дэкаратыўныя ліхтарыкі. Калі іх запальваюць уначы, быццам нараджаецца яшчэ адна зорка або кветка.

З рамяством дружыць – у жыцці не тужыць. Яркае пацверджанне гэтай прымаўцы – кемлівы гаспадар Сцяпан Міхайлавіч. Дом ён пабудаваў сам. Сцены, падлога, столь, дзверы – усё зроблена яго ўмелымі рукамі. Дрэва апрацоўвае ў сваёй сталярцы. Нядаўна змайстраваў арыгінальныя вароты, з густам аформіўшы іх створкі жалезнымі ўзорыстымі пласцінкамі. Ён кемлівы чалавек з неблагімі навыкамі рацыяналізатара. Прыдумаў прыстасаванне, якое падымае бярвенне. Зараз гэты самаробны “кран” у Сцяпана Міхайлавіча пазычаюць знаёмыя. Па адукацыі гаспадар дому – тэхнік-механік, скончыў Мар’інагорскі тэхнікум. Там, дарэчы, ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. З тых часоў яны разам 36 гадоў, выгадавалі сына і дачку, прычакалі ўнукаў.

Акрамя ўчастка зямлі ў адзін гектар, сям’я Сачко трымае немалую гаспадарку: каня, дзвюх кароў, цялятаў, дзясяткі курэй. Праца ім міла, вось толькі шкадуюць – дзень малы: прыходзіцца прачынацца ў пяць гадзін раніцы, а класціся апоўначы. Што тут скажаш? Працаголікі ды і толькі! І зробіш выснову: дзе работа, там і густа, а ў лянівым доме пуста. Можа, варта трохі сябе пашкадаваць? – пацікавілася я ў гаспадароў сядзібы, аднак яны пажартавалі: нішто іх так не стамляе, як адпачынак.

Але не толькі праца дорыць гэтай сямейнай пары бадзёрасць духу. Каб пражыць на быстрыні і не ўпусціць у жыцці нешта важнае, сям’я Сачко не забывае пра вечнае, беражэ духоўныя набыткі нашых продкаў. Сцяпан Міхайлавіч, напрыклад, змайстраваў крыж, які паставіў пры ўездзе ў вёску. Нядаўна бацюшка асвяціў гэты сакраментальныя знак.

Мушу паўтарыць за кімсьці: усе мы вандруем па свеце ў пошуках дабрыні і прыгажосці. Але калі мы не нясем іх з сабой, наша падарожжа можа аказацца дарэмным.

Алена ПАШКЕВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий